У Менску з дому-інтэрнату хочуць выселіць дачку жанчыны-інваліда, бо ёй споўнілася 18 гадоў


Гэта дом-інтэрнат, у якім жывуць ветэраны, састарэлыя ды асобы з абмежаванымі магчымасцямі. Але сёння дабрабыт некаторых жыхароў гэтага дому пад пагрозаю. Адразу некалькі сем’яў могуць страціць жытло. І ўсё гэта – праз недасканаласць чыноўніцкіх законаў…

Інвалідка з дзяцінства, Таццяна ўсё жыццё жыла ў гэтым сацыяльным сталічным будынку на Ракасоўскага. Заўсёды працавала і самастойна выгадавала дачку Вікторыю. І вось цяпер, калі адзіная падтрыманне і апора вазочніцы дасягнула поўнагадовага ўзросту, на яе імя прыйшоў ліст.

Вазочніца зачытвае радок дакументу, што яе дачка мусіць вызваліць кватэру:

«Вы і вашая дачка страцілі права жыць у спецыяльным доме, бо вашая дачка абавязаная вас утрымліваць».

Чыноўнікі з Менгарвыканкаму ды Камітэту сацыяльнай аховы мяркуюць, што дачка Таццяны цяпер можа самастойна даваць рады з бытавымі праблемамі, адначасова мусіць працягваць апекавацца маці.

ТАЦЦЯНА КРЫШТАЛЬ, ВАЗОЧНІЦА:

«У нас ёсць дамова найму, і людзі, якія тут інваліды, хочуць жытло, то адзінае выйсце для іх – гэта купіць сваю кватэру. Зразумела, што мы не можам сабе гэтага дазволіць. Трэба або добра зарабляць…»

Бясконцыя хаджэнні па інстанцыях не далі аніякіх вынікаў. Усё, чым дапамаглі чыноўнікі, гэта прапанавалі Таццяне паставіць дачку ў звычайную чаргу на кватэру або аформіць яе ў дом для беспрытульных, папросту – у начлежку.

ВІКТОРЫЯ КРЫШТАЛЬ, ДАЧКА:

«Кажуць, што там трэба адзначацца два разы ў дзень, але калі я буду вучыцца і працаваць на сваю кватэру, як «многія» (мае на ўвазе чыноўнікаў – заўв. belsat.eu) хочуць, то я не змагу чыста фізічна прыходзіць сюды раніцай і ўвечары і адзначацца, як тады жыць?»

Уся праблема – у статусе дому, які неаднаразова мянялі мясцовыя ўлады. Праўда – без ведама жыхароў. Спачатку будынак быў у вядзенні Менгарвыканкаму, а цяпер – гэта камунальная ўласнасць. Юрыдычна – статус гэтага дому не дазваляе жыць тут дзецям інвалідаў, якія дасягнулі 18 гадоў.

СЯРГЕЙ ДРАЗДОЎСКІ, ЮРЫСТ:

«Правілы патрабуюць па завяршэнні 18 гадоў разарваць сваю сям’ю, дачка мусіць кінуць сваю маці, каб тая засталася пражываць у гэтым доме, а самой дачцэ выехаць куды заўгодна, і такім чынам нібыта забяспечыцца законнасць. Але як можа быць забяспечана законнасць у разрэз з правам чалавека на сям’ю?»

З такою сітуацыяй сутыкнулася не адна сям’я. Пакуль інваліды спрабуюць уратавацца прававымі спосабамі. Звярнуліся ў пракуратуру, Камітэт дзяржкантролю, ды ў Адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем правесці расследаванне аб змене стусу дому. Але не выключаюць і сацыяльнага выбуху, бо на кану – лёс уласных дзяцей.

Таццяна Уласенка belsat.eu

Стужка навінаў