Алег Волчак: замежнікі не могуць быць экспертамі ў справе Бябеніна


https://youtu.be/UkMkKHHYIZw
Беларускае заканадаўства не дазваляе замежным грамадзянам мець статус эксперта падчас расследавання прычынаў смерці.

Учора споўнілася 40 дзён з дня гібелі журналіста Алега Бябеніна. Сапраўдныя прычыны смерці заснавальніка і кіраўніка сайту charter97.org дагэтуль невядомыя.

Пад ціскам грамадскасці, у тым ліку міжнароднай, беларускі бок запрасіў да ўдзелу ў расследаванні экспертаў з краінаў-удзельніц АБСЕ. Раней паведамлялася, што яны наведаюць Беларусь у кастрычніку. Цяпер матэрыялы справы перакладаюцца на ангельскую мову.

“Я адразу хачу сказаць, што калі і прыедуць прадстаўнікі АБСЕ, усіх дакументаў ім не дадуць. Могуць даць экспертызу трупа, можа, дадуць агляд месца здарэння”, – сказаў праваабаронца Алег Волчак. Прычына – пасля заканчэння папярэдняга расследавання з матэрыяламі могуць знаёміцца толькі адвакаты, абвінавачаныя (калі ёсць) і пацярпелыя.

Алег Волчак мае сумневы адносна статусу запрошаных прадстаўнікоў АБСЕ: “Мне як юрысту не зразумела, як будуць фіксавацца іхныя веды, бо паводле беларускага заканадаўства экспертамі могуць быць толькі грамадзяне РБ або тыя, хто мае ліцэнзію і працуе ў адпаведных установах. Таму, хутчэй за ўсё, гэта будуць кансультанты, экспертамі іх нельга назваць”.

Паводле Алега Волчака, дагэтуль не распачалі крымінальную справу, што дало б магчымасць рабіць вочныя стаўкі ды экспертызы іншага плану.

Нагадаем, цела журналіста, якое вісела ў пятлі, знайшлі на ягоным лецішчы ў вёсцы Пярхурава Дзяржынскага раёну Менскай вобласці каля 19:00 3 верасня. Пракуратура правярае версію інсцэнізацыі самагубства Алега Бябеніна.

belsat.eu
https://youtu.be/MELGIzHGQG4

Глядзі таксама
Каментары