Украінскія сілы абароны знішчылі вялікі дэсантны карабель РФ «Новачаркаск»


Украінскія сілы абароны знішчылі вялікі дэсантны карабель «Новачаркаск», што належыць Чарнаморскаму флоту РФ.

Дэсантны карабель Чарнаморскага флоту РФ «Новачаркаск». Крыніца: Україна Online: Новини | Політика / Telegram

У ноч на 26 снежня, каля 2:30 паводле ўкраінскага часу, у Феадосіі прагучалі магутныя выбухі, якія былі вынікам атакі паветраных сілаў ЗСУ на расейскі карабель. Удары былі нанесеныя крылатымі ракетамі.

Выбухі ў Феадосіі, у выніку якіх быў падбіты расейскі карабель. Крыніца: Times of Ukraine / Telegram

«Флоту на расеі становіцца ўсё менш! Гэтым разам услед за флагманам ЧФ рф – крэйсерам «Масква» адправіўся вялікі дэсантны карабель «Новачаркаск», – напісаў у сваім тэлеграм-канале камандуючы Паветранымі сіламі ЗСУ Мікола Алэшчук.

Вялікі дэсантны карабель «Новачаркаск» прызначаны для высадкі марскога дэсанту на бераг і перакідвання войскаў і грузаў морам. Карабель здольны перавозіць розныя віды бранятэхнікі, у тым ліку танкі.

Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, «Новачаркаск» мог перавозіць дроны «Шагэд», якімі РФ атакуе тэрыторыю Украіны.

Нагадаем, што 24 сакавіка 2022 года «Новачаркаск» ужо быў пашкоджаны падчас атакі на порт Бярдзянску.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў