«Святло для народаў, для супольнага шляху чалавецтва». Бальшыня хрысціянаў свету святкуе Раство


Каталікі, пратэстанты, уніяты і шэраг праваслаўных святкуюць сёння Раство. «Штогадовае святкаванне ўрачыстасці Божага Нараджэння – гэта святло для народаў, для супольнага шляху чалавецтва», – гаворыцца ў пасланні мітрапаліта Менска-Магілёўскага Іосіфа Станеўскага.

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Іосіф Станеўскі.
Фота: БелТА

Упершыню сёлета ва Украіне праваслаўныя і ўніяты афіцыйна святкуюць Раство «па-новаму» – 25 снежня. Рашэнне ўхвалілі і зацвердзілі на царкоўным і дзяржаўным узроўнях: з 1 верасня Праваслаўная царква Украіны і Украінская грэка-каталіцкая царква адзначаюць царкоўныя святы паводле новаюліянскага календара.

Гісторыі
Перанос Раства: як украінцы ставяцца да зменаў у святочным календары
2023.12.25 07:04

Раство сёння святкуе бальшыня хрысціянаў свету.

З увагі на вайну паміж Ізраілем і «Хамасам» Бэтлеем на Заходнім беразе Іярдану, які заўжды поўніўся вернікамі і турыстамі, сёлета незвычайна пусты. Каля Базілікі Нараджэння Хрыстова ціха і нялюдна.

Базіліка Нараджэння Хрыстова ў Бэтлееме напярэдадні Калядаў. 24 снежня 2023 года.
Фота: Yosri Aljamal / Reuters / Forum

«Штогадовае святкаванне ўрачыстасці Божага Нараджэння – гэта святло для народаў, для супольнага шляху чалавецтва. Вера ў Бога, які пажадаў падзяліцца з намі сваёй любоўю, пастаянна заахвочвае нас да ўдзелу ў гэтай Божай гісторыі збаўлення. Давайце разам сузіраць гэтую вялікую таямніцу любові; няхай нашыя сэрцы будуць асветленыя святлом, якое ззяе ў бэтлеемскіх яслях. Няхай святло Божага Нараджэння зноў заяснее і натхніць нас да пошукаў справядлівага і мірнага суіснавання», – адзначыў у сваім пасланні мітрапаліт Менска-Магілёўскі Іосіф Станеўскі.

Беларусаў, якія святкуюць Каляды 25 снежня, павіншавала абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская:

«Сёння па ўсім свеце згадваецца звычай дзяліцца аплаткай – кавалачкам хлеба, які перадаецца з рук у рукі. Такім чынам людзі выказваюць падтрымку і клопат, дзеляцца цеплынёй і любоўю. Але мы, беларусы, бескарысліва дзелімся ўсім гэтым не толькі на Каляды, але кожны дзень». Яна пазычыла «міра, дабра і святла, якое не дазволіць змроку захапіць нашыя сэрцы».

Пра спагаду і любоў да бліжняга згадаў у віншаванні Аляксандр Лукашэнка, пад кіраўніцтвам якога чацвёрты год не спыняюцца маштабныя рэпрэсіі ў Беларусі:

«Яркае святло бэтлеемскай зоркі кліча ўсіх вернікаў насустрач самаму цудоўнаму хрысціянскаму святу. Яно напаўняе сэрца вялікай радасцю і надзеяй, натхняе на добрыя справы, вучыць праяўляць спагаду і любоў да бліжняга». Лукашэнка назваў Каляды часам «душэўных сямейных вечароў, доўгачаканых дзіцячых падарункаў і ўсвядомленай дабрачыннасці».

«Перакананы, аб’яднаныя вернасцю да сваёй роднай Беларусі, разам мы зробім усё магчымае, каб кожны яе жыхар адчуваў сябе запатрабаваным і шчаслівым», – заявіў палітык.

Набажэнства ў архікатэдральным саборы Найсвяцейшай Панны Марыі. Менск, Беларусь. 24 снежня 2023 года.
Фота: БелТА

Сёння ў Беларусі працягваюцца святочныя набажэнствы, што пачаліся яшчэ напярэдадні. Службы будуць ісці да самага вечара.

Hавiны
Еўрапейскія дыпламаты павіншавалі беларусаў з Калядамі
2023.12.24 15:58

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў