Саміт ЕАЭС: Пуцін папрасіў у Лукашэнкі яек, а Пашын'ян выступіў супраць палітызацыі саюза


У Санкт-Пецярбургу 25 снежня адбылося пасяджэнне Найвышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады. Belsat.eu распавядае, чым адзначыўся гэты саміт.

Пасяджэнне Найвышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады, 25 снежня 2023 году.
Фота: eaeunion.org

Перад пачаткам паседжання Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з журналістам, адказаўшы на пытанне пра ядравую зброю і Украіну. Таксама ён па-хамску пракаментаваў нядаўнюю заяву вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу ў замежнай палітыцы Жузэпа Бурэля, назваўшы кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі «дурням».

Лукашэнка прыехаў на саміт яшчэ не ачуняўшы ад хваробы: яго голас па-ранейшаму быў ахрыплы, на што ён сам звярнуў увагу. «Я выбачаюся, згубіўся голас дзесьці там у Беларусі», – сказаў ён на пачатку паседжання.

У сваім выступе Лукашэнка пахваліўся, што Беларусь сябе цалкам забяспечвае сябе прадуктамі, у тым ліку курынымі яйкамі. «Пастаўце нам трошкі, не скнарнічайце», – пажартаваў у адказ Уладзімір Пуцін. Вядома, што Расея апошнім часам зазнае дэфіцыт курыных яек.

Напярэдадні было падпісана Пагадненне аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Іранам. Пуцін, які старшынстваваў на саміце, асабліва адзначыў гэтую дамову як «добры імпульс развіцця». Па выніках паседжання была ўхвалена дэкларацыя аб далейшым развіцці эканамічных працэсаў да 2030 года і на перспектыву да 2045 года – дакумент быў прапанаваны расейскім бокам.

Пад дэкларацыю абяцаюць прыняць «дарожную мапу» – то бок канкрэтны план развіцця. Праўда, старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч канстатаваў, што зрабіць гэта будзе няпроста. Паведамляецца, што камісія прадставіць «дарожную мапу» на зацверджанне не раней за 2025 год.

Старшынства ў ЕАЭС з наступнага году пераходзіць да Арменіі. Армянскі прэм’ер-міністр Нікол Пашынʼян на фоне пагаршэння стасункаў з Крамлём адзначыўся на саміце заявамі з крытыкай палітызацыі інтэграцыйных працэсаў.

Пашынʼян падкрэсліў, што «эканамічныя прынцыпы не павінны карэляваць з палітычнымі амбіцыямі». Паводле яго, ЕАЭС – гэта эканамічнае абʼяднанне, «якое не павінна мець палітычнага і тым больш геапалітычнага парадку дня».

«Мы працягваем успрымаць яго менавіта такім чынам і развіваць узаемадзеянне ў рамках нашага эканамічнага супрацы ў гэтым кантэксце, імкнучыся спыняць усялякія спробы палітызацыі еўразійскай інтэграцыі», – цытуе Пашынʼяна newsarmenia.am.

Дамову з Іранам Пашынʼян вітаў, а таксама прапанаваў павялічыць геаграфію супрацы за кошт Індыі, Егіпта, ААЭ і Інданезіі, пішуць «Ведомости».

Аналітыка
Саміт на фоне чутак аб распадзе. Што адбываецца з АДКБ?
2023.11.20 18:04

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў