«Нам хопіць, не хвалюйцеся». Улады паабяцалі не пакінуць беларусаў без яек на фоне ажыятажу ў Расеі


«Ад ножак Буша да яек Эрдагана» – Расея пачне імпарт яек з Турцыі, як некалі тонамі купляла курыныя кумпякі ў ЗША. У суседняй краіне яйкі сталі «залатымі»: цана за дзясятак сягае 200 рублёў (гэта каля 7 беларускіх). «Белсат» разбіраўся, ці пагражае беларусам дэфіцыт гэтага прадукту, калі ўлады захочуць дапамагчы суседняй Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Напярэдадні навагодніх святаў суседнюю Расею апанаваў яйцавы ажыятаж. Цэны пайшлі ўгару, а на кірмашах, дзе вытворцы прадаюць курыныя яйкі з мінімальнай нацэнкаю, утвараюцца вялізныя чэргі.

У Маскве ў сярэднім дзясятак яек каштуе 100 рублёў (3,52 у пераліку на нашыя), а ў акупаваным Крыме – удвая даражэй. У некаторых рэгіёнах нават пачалі прадаваць іх паштучна.

Паводле звестак расейскага статыстычнага ведамства, у лістападзе яйкі падаражэлі на 15% у параўнанні з кастрычнікам, а ў параўнанні з леташнім лістападам – ажно на 40,3%. Заўважны рост цэнаў на гэты прадукт пачаўся ў верасні.

Паведамленні пра чэргі за яйкамі на кірмашах прыходзілі з Саратава і Белгараду. У некаторых гандлёвых сетках з’явілася абмежаванне, і ў адныя рукі аддаюць не болей за трох дзясяткаў.

Як тлумачаць эксперты, яйкі даражэюць з некалькіх прычынаў, адбіваюцца ў тым ліку наступствы вайны.

У Расейскім птушкагадоўчым саюзе кажуць пра традыцыйны сезонны рост коштаў, на які наклаўся павышаны попыт, што таксама штурхае цэны, – вось яйкі і сталі «залатымі».

У асацыяцыі «Руспродсоюз» патлумачылі, што попыт на яйкі і птушку вырас праз падаражэнне іншых відаў мяса: пакупнікі перайшлі на больш танны бялковы прадукт. Да таго ж у некаторых рэгіёнах краіны скарацілася вытворчасць праз успышкі птушынага грыпу.

Праз санкцыі і зніжэнне расейскага рубля растуць выдаткі вытворцаў. «Сабекошт складаецца з росту выдаткаў на лагістыку, упакоўку, дэталі да сартавальных машынаў. Вакцыны і прэміксы (адмысловыя дадаткі для прыкормлівання) залежаць ад курсу валютаў і дастаўляюцца часцяком паралельным імпартам», – адзначыў прадстаўнік асацыяцыі Дзмітрый Лявонаў.

Яшчэ адзін чыннік, што ўплывае на сабекошт – рост заробкаў. Гэта неабходна, завабіць новых работнікаў і ўтрымаць тых, хто застаўся. Дэфіцыт працоўнай сілы ўзнік у Расеі з увагі на эміграцыю і мабілізацыю.

«Шкадую і перапрашаю»

Сваю версію падаражэння яек на сённяшняй прэс-канферэнцыі агучыў расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін:

«Попыт павялічыўся, а вытворчасць – не. Своечасова не адкрылі імпарт у належным аб’ёме. Шкадую і перапрашаю. Гэта збой у працы ўрада».

Паводле яго, неабходныя захады ўжо ўхваленыя, сітуацыя «будзе паляпшацца», а дапамогу з яйкамі прапанавалі некалькі краінаў, у тым ліку Беларусь і Турцыя.

Чаму расейскія кампаніі не здолелі павялічыць вытворчасць ва ўмовах росту попыту, Пуцін не патлумачыў.

13 снежня расейскім міністэрстве сельскай гаспадаркі паведамілі, што мыта на імпарт яек часова скасавалі, да канца тыдня чакаюцца першыя пастаўкі з Азербайджану, а яшчэ раней – з Турцыі. «Праводзяцца перамовы з сяброўскімі краінамі аб павелічэнні паставак гэтай прадукцыі», – праінфармавалі ў ведамстве.

У сацсетках, тым часам, жартуюць, што Расея за 30 гадоў зрабіла вялікі крок наперад: «Ад ножак Буша да яек Эрдагана».

У Беларусі яек вырабляюць болей, чымся з’ядаюць

У Беларусі апошнім часам няма ані выбухнога росту коштаў на яйкі, ані іх дэфіцыту.

«Белсат» параўнаў цэны на гэты прадукт у інтэрнэт-краме «Еўрааопту». Яйкі «Маладзецкія» катэгорыі Д-1 Салігорскай птушкафабрыкі каштавалі ў чэрвені 3,66 рублі, цяпер – 3,98 рублі, белыя яйкі «Кобрынскія» тады прадавалі за 2,45 рублі, цяпер – за 2,75 рублі.

Паводле звестак Белстату, у лістападзе ў параўнанні з кастрычнікам цэны на курыныя яйкі выраслі на 1,1%, а з пачатку года – на 8,4%.

На Салігорскай птушкафабрыцы.
Фота: molodeckie.by

З вытворчасцю таксама ўсё добра, сведчыць інфармацыя таго ж Белстату. У студзені–лістападзе сёлета вырабілі 2645,5 млн штук – мінус 1,7% год да года.

Як сцвярджаюць у Інстытуце сістэмных даследаванняў у аграпрамысловым комплексе НАН Беларусі, яек у нашай краіне вырабляюць на 26% болей, чымся спажываюць. Штогод у сярэднім кожны беларус з’ядае 265 яек, а летась вытворчасць склала 375 штук у разліку на аднаго жыхара. Здаецца, Беларусь можа бязбольна для сябе экспартаваць пэўны аб’ём гэтага прадукту.

«Не застаняцеся без яек, не хвалюйцеся»

Колькі яек краіна прадае за мяжу, невядома: статыстычнае ведамства гэтую інфармацыю хавае. Апошнія звесткі, адкрытыя цяпер, тычацца 2021 года. Тады Беларусь экспартавала 752,8 млн штук на $50,2 млн.

У Мінсельгасхарчы, куды карэспандэнт «Белсату» патэлефанаваў як устурбаваны грамадзянін, запэўнілі, што беларусы без яек не застануцца:

«Галіна працуе роўна і стабільна, усё добра. Нам усяго хопіць, не хвалюйцеся».

Hавiны
Шмат малака і бульбы, мала мяса: што ядуць беларусы і ў якой колькасці
2023.11.20 14:55

На адной з беларускіх птушкафабрык таксама паабяцалі, што не будзе ані дэфіцыту, ані рэзкага падаражэння:

«Вы недзе бачылі, што паліцы ў крамах пустыя, што не стае прадукцыі? Не застаняцеся без яек, не хвалюйцеся. А цэны мы ўжо два гады не павышаем, гэта сацыяльна значны прадукт, і цана рэгулюецца ўрадам. Цяпер дзее 713-я пастанова, што забараняе пастаўнікам павялічваць адпускны кошт яек. Калі вы недзе пабачылі рост цэнаў, то гэта пытанне да гандлёвых сетак».

Беларускія ўлады часцяком абмяжоўваюць ці цалкам забараняюць экспарт харчоў, калі бачаць пагрозу дэфіцыту або рэзкага росту цэнаў на ўнутраным рынку. Сёлета ў жніўні Мінсельгасхарч пастанавіў скараціць пастаўкі за мяжу мяса птушкі, бо на вонкавых рынках яно даражэйшае, і вытворцы пагналіся за прыбыткам.

Праект «Вашы грошы» таксама канстатуе, што праблемы з курынымі яйкамі Беларусі пакуль не пагражаюць. Пры гэтым у любы момант можа ўзнікнуць пытанне кошту і даступнасці ветэрынарных прэпаратаў для птушак, паставак з-за мяжы курэй высокай яйканоскасці, не выключаныя складанасці з абслугоўваннем і рамонтам імпартнага абсталявання птушкафабрык.

Агляд
Што з цэнамі на კიტრი, ogórki, agurkai, огірки і агуркі? Схадзілі на рынкі розных краінаў
2023.06.08 14:34

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў