Былая палітзняволеная Дар'я Чульцова: Любы знак увагі і падтрымкі вельмі важны за кратамі


Былая палітзняволеная, журналістка Дарʼя Чульцова заахвочвае выказваць салідарнасць з палітзняволенымі і іх семʼямі любым магчымым спосабам і запрашае да ўдзелу ў зборы сродкаў падчас онлайн-марафону 29 ліпеня. Аб гэтым яна расказала ў інтэрвʼю падчас эфіру «Белсату».

Дар’я Чульцова з байкай, якой яе падтрымалі, калі была за кратамі. Скрыншот: Белсат / YouTube

Журналістка і былая палітзняволеная Дарʼя Чульцова ў эфіры «Белсату» 25 ліпеня заахвоціла нераўнадушных людзей шукаць і скарыстоўваць любыя магчымасці дзеля падтрымкі палітвязняў і іх семʼяў і выказвання ім салідарнасці. Паводле Чульцовай, да палітвязняў за краты цяпер вельмі рэдка даходзяць лісты, паштоўкі і іншыя знакі падтрымкі з волі, тым больш не ад родзічаў. Але калі даходзяць, то «гэта вельмі ўмацоўвае». Таму трэба пісаць, трэба падтрымліваць усімі мажлівымі спосабамі.

«Марафон 29 ліпеня гэта вельмі важна, важна каб помнілі палітвязняў. Бо цяпер адбываецца шмат такога, што можа »перабіць« наш беларускі парадак дня. І напамінаць кожны дзень, што тысячы людзей знаходзяцца ў вязніцах – гэта важна. Трэба напамінаць кожны дзень, кожную гадзіну, кожнае імгненне. Каб людзі памяталі, каб дапамагалі. Бо далёка не ў кожнага зняволенага ёсць каму дапамагаць, дасылаць пасылкі і лісты. Часам семʼям і няма за што падтрымаць сваіх. Многія сядзяць без падтрымкі, і гэта вельмі цяжка. Бо і кожнае слова, і кожная перададзеная рэч, і пачастункі нейкія, і кожная капейка з волі там вельмі падтрымліваюць», – зазначыла Дарʼя Чульцова.

Тая самая байка з Дар’яй Чульцовай і Кацярынай Андрэевай, якая дайшла да іх за краты з волі. Скрыншот: Белсат / YouTube

Яна таксама адзначыла, што патрэбна шмат настойлівасці і крэатыву, каб падтрымка дайшла да вязняў. І спадзявацца на цуды. Журналістка прынесла ў студыю байку з выявай самой Дарʼі і яе калегі Кацярыны Андрэевай. Прынт быў зроблены па матывах фота двух журналістак, знятага падчас судовага працэсу. Гэтую байку зрабілі на волі і перадалі дзяўчатам у СІЗА, і яна нейкім цудам дайшла.

«Мы так былі кранутыя, словамі не перадаць. Мабыць тыя турэмшчыкі проста не зразумелі, што адбываецца, і прапусцілі байку. Таму, спрабуйце, можа дзякуючы вашаму не раўнадушшу менавіта ваша паштоўка ці іншы знак увагі ці варыянт падтрымкі дойдзе да палітвязня, цуды здараюцца», – сказала былая палітзняволеная.

Нагадаем, што у суботу 29 ліпеня незалежныя беларускія медыі аб’яднаюцца ў 12-гадзінным усебеларускім онлайн-марафоне салідарнасці «Нам не ўсё адно!», каб сабраць грошы для палітычных вязняў і іхных семʼяў. Да эфіру далучацца блогеркі і блогеры, палітыкі, дзяячкі і дзеячы культуры і спорту, грамадскія актывісткі і актывісты.

Анонс
Беларусы аб’яднаюцца ў 12-гадзінным онлайн-марафоне салідарнасці з палітзняволенымі
2023.07.24 20:00

Журналістка Дар’я Чульцова 3 верасня 2022 года выйшла на волю пасля амаль двух гадоў калоніі. Яе разам з Кацярынай Андрэевай затрымалі 15 лістапада 2020 года падчас стрыму з плошчы Пераменаў. Іх асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі. Кацярыне затым выставілі новае абвінавачанне – у здрадзе дзяржаве. 13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прызначыў ёй 8 гадоў і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму паводле сфабрыкаванага абвінавачання.

Hавiны
Фільм пра Кацю Андрэеву і Дашу Чульцову прызнаны найлепшым на польска-чэшскім кінаконкурсе
2023.03.12 20:29

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў