«Пуцін не хацеў прыніжацца». Дзяржсакратар ЗША растлумачыў перамовы Лукашэнкі з Прыгожыным


Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен мяркуе, што Уладзімір Пуцін не хацеў прыніжацца наўпроставымі перамовамі з кіраўніком ПВК Вагнэр, таму гэтай справаю заняўся Лукашэнка. «Аднак гэта спекуляцыя, а мы хочам пазбегнуць гэтага», – адзначыў амерыканскі дыпламат у інтэрв’ю тэлеканалу CBS.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
Фота: Secretary Antony Blinken / Twitter

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен растлумачыў, чаму перамовы з Яўгеніем Прыгожыным вёў Аляксандр Лукашэнка, а не асабіста прэзідэнт Расеі.

«Імаверна, Пуцін не хацеў прыніжацца да ўзроўню наўпроставых перамоваў з Прыгожыным, таму было карысна прыцягнуць да гэтага кагосьці накшталт Лукашэнкі ад ягонага імя. Аднак гэта спекуляцыя, а мы хочам пазбегнуць гэтага», – сказаў амерыканскі дыпламат.

Адначасова ён падкрэсліў: «Для нас важна не гадаць, і, мяркую, што мы даведаемся болей у бліжэйшыя дні і тыдні, у тым ліку фактычныя дэталі ўгоды».

Каментар
Эксперт: Прыгожын едзе ў Беларусь ствараць адпаведнік Вагнэра для Лукашэнкі
2023.06.25 22:07

Каментуючы прыгожынскі мяцеж, Блінкен заўважыў, што паўтары гады таму расейскія войскі планавалі «узяць Кіеў за некалькі дзён», а цяпер ім давялося абараняць сваю сталіцу ад наймітаў «уласнай вытворчасці».

«Гэта само па сабе незвычайна. Гэта прамы выклік аўтарытэту Пуціна. Мы ўбачылі, што ў расейскім фасадзе з’явілася болей расколінаў», – заявіў кіраўнік амерыканскай дыпламатыі.

Ён таксама сказаў, што спроба мяцяжу выгадная Украіне, бо адцягнула ўвагу Расеі і Пуціна.

Паводле звестак з Менску і Масквы, Лукашэнка вёў перамовы з Прыгожыным са згоды Пуціна, і дзякуючы гэтаму кіраўнік ПВК Вагнэра адмовіўся ад свайго «маршу справядлівасці» і спыніў калоны наймітаў за 200 кіламетраў ад расейскай сталіцы.

Паводле дамоўленасцяў, аб якіх абвесцілі афіцыйна, крымінальную справу супраць Прыгожына спыняць, а яму самому дадуць прытулак у Беларусі.

Аналітыка
Прыгожын – авантурыст, палітычны ледакол ці новы Мусаліні? У чым сэнс мяцяжу вагнэраўцаў
2023.06.25 19:30

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў