Эксперт: Прыгожын едзе ў Беларусь ствараць адпаведнік Вагнэра для Лукашэнкі


Паліттэхнолаг Абас Галямаў мяркуе, што кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын можа ўзяцца ў Беларусі за стварэнне прыватнай вайсковай кампаніі для Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта ён распавёў у ранішнім эфіры праграмы «Вось так» 25 чэрвеня.

«Можна меркаваць, яны дамовіліся аб тым, што Прыгожын прыедзе ствараць нейкі адпаведнік Вагнэра для Лукашэнкі», – сказаў Абас Галямаў, каментуючы словы прэс-сакратара прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна Дзмітрыя Пяскова аб тым, што Яўгеній Прыгожын сыдзе ў Беларусь.

На думку эксперта, патрэба ў такім фармаванні ў Аляксандра Лукашэнкі ёсць, таму што цяпер, калі слабасць расейскага войска відавочная, пад пытаннем і лаяльнасць беларускіх сілавікоў.

Паліттэхнолаг Абас Галямаў. Скрыншот спецвыдання праграмы «Вось так» ад 25 чэрвеня 2023 года

«Чаму ў 2020 годзе беларускія сілавікі не перайшлі на бок паўстанцаў у момант максімальнага паслаблення рэжыму? {…} Я мяркую ў крытычны момант кожны больш-менш значны беларускі сілавік атрымаў званок ад сваіх расейскіх візаві. Са словамі: «Калі раптам сілавыя структуры Беларусі пяройдуць на бок паўстанцаў, то майце на ўвазе, што Лукашэнка звернецца да нас па дапамогу. І мы ўвядзем войскі. І давядзецца мець справу з намі», – разважае аналітык.

Тады «беларускія сілавікі не ведалі, што расейскае войска – гэта папяровая дуля» і ім было страшна.

«Яны цынічна ацанілі – біцца з народам усё ж такі бяспечней, чым з расейскім войскам. Цяпер расейскае войска ніхто не баіцца, таму ў Лукашэнкі няма за спінай Пуціна, які гарантуе лаяльнасць мясцовых сілавікоў. Цалкам магчыма гаворка ідзе менавіта пра такі праект, а можа быць нешта іншае», – рэзюмаваў Абас Галямаў.

Зрэшты, суразмоўца зусім не ўпэўнены ў тым, што ўсе заявы адносна ад’езду Прыгожына ў Беларусь – гэта праўда: «Гэта сказаў Пяскоў Прыгожыну. Прыгожын пакуль з гэтай нагоды маўчыць, Лукашэнка з гэтай нагоды маўчыць».

Прычынай, па якой кіраўнік ПВК Вагнэра пагадзіўся адступіць і пакінуць ужо «захопленыя» гарады, Абас Галямаў лічыць грошы, а не нейкія гарантыі, як паведамлялася афіцыйна:

«Я думаю, ён атрымаў грошы. Можна толькі меркаць, наколькі велізарныя. На кон было пастаўлена літаральна ўсё. Сума вымяраецца мільярдамі».

Добра ведаючы, якая сітуацыя на фронце і разумеючы, што «не за гарамі ваеннае паражэнне», Прыгожын «канвертаваў» адміністрацыйны рэсурс у грошы.

«Не трэба проста думаць, што ў Прыгожына была нейкая стратэгічная мэта, якую ён пераследаваў. Чалавек тоне і боўтаецца. У яго няма ніякай мэты, акрамя спробы ўтрымацца на паверхні вады лішнюю секунду», – лічыць эксперт.

Ацэньваючы сітуацыю ў расейскай палітыцы па выніках падзей 23-24 чэрвеня, Абас Галямаў канстатаваў, што пасля іх рэйтынг Уладзіміра Пуціна яшчэ хутчэй пойдзе ўніз, тады як рэйтынг Яўгена Прыгожына – уверх.

«Прыгожын учора рэзка павысіў свае балы. Ці не жарт, захапіць Растоў за содні. А потым цягам содняў дайсці да Масквы. Гэта вельмі сурʼёзная заява. Сілавікі паважаюць сілу. А слабасць яны не паважаюць. Пуцін у гэтым выпадку выглядаў слабым», – мяркуе суразмоўца.

У гэтай сітуацыі «ліквідацыя» Прыгожына, якую цяпер прадракаюць многія, можа апынуцца немагчымай: «Вялікі шанец, што Пуцін аддасць загад пазбавіцца ад Прыгожына. Выканаўцы проста прыйдуць да Прыгожына і яму распавядуць пра гэта. І Прыгожын зноў пойдзе на Маскву».

Яшчэ адным істотным вынікам паходу Прыгожына на Маскву Абас Галямаў лічыць агучванне горкай праўды пра вайну:

«Прыгожын пазаўчора сказаў галоўнае: вайна злачынная па сутнасці. Яна распачата цалкам па іншых прычынах, чым нам тлумачаць. Ні Украіна, ні NATO не збіраліся нападаць на Данбас, і тым больш на Расею. А гэта ж галоўны аргумент, які ляжыць у аснове легітымнасці гэтай вайны».

Нягледзячы на чуткі аб хуткай адстаўцы міністра абароны Сяргея Шайгу, Абас Галямаў у такую верагоднасць не верыць. «Не для таго Пуцін адкупляўся ад Прыгожына, каб потым па яго загаду мяняць міністраў. Для Пуціна гэта смерці падобна», – упэўнены ён.

Аналітыка
Прыгожын – авантурыст, палітычны ледакол ці новы Мусаліні? У чым сэнс мяцяжу вагнэраўцаў
2023.06.25 19:30

Аліса Ганчар / Авер belsat.eu 

Стужка навінаў