Вядоўца праграмы «Шчыра кажучы» Арына Маліноўская з’ехала з Беларусі з-за магчымага пераследу з боку беларускіх уладаў. Цяпер ёй пагражаюць праз сваякоў. 24 траўня Арыне тэлефанаваў следчы і казаў, што затрымліваюць усю ейную сям’ю: родныя застануцца ў зняволенні, пакуль яна не прыедзе ў РАУС. 25 траўня Арыне патэлефанаваў сваяк Валянцін.
Першы раз следчы тэлефанаваў Арыне Маліноўскай праз Telegram з нумара Валянціна Кучарэнкі, мужа сястры, і сказаў, што Валянцін і ягоны сябар застаюцца ў зняволенні, а цяпер сілавікі едуць па Валянціну i Анатоля Маліноўскiх – бабулю і дзядулю Арыны.
Пасля Валянцін патэлефанаваў Арыне і сказаў, што «ўсё сур’ёзна», яго «звозяць», затрымалі таксама ягонага калегу Георгія, які ў гэты час быў у Валянціна ўдома. Валянцін распавёў, што ў яго пытаюць, калі яна зможа прыехаць, што «не адчэпяцца ні ад нас, ні ад бацькоў, ні ад сям’і».
У дачыненні Арыны, кажа Валянцін, нібыта хочуць правесці праверку паводле адміністратыўнай справы – матэрыял яму паказалі следчыя. Чаму яго вязуць на Акрэсціна, ён не ведае і не хоча пытаць.
Затым адбылася наступная размова са следчым. Аўдыя ёсць у рэдакцыі «Белсату».
Арына: Як вас зваць?
Следчы: Пятроў Уладзімір Сяргеевіч.
А: А вашая пасада, каб я разумела?
С: Старэйшы інспектар (неразборліва. – Рэд.).
А: Якія ў вас ёсць пытанні, скажыце, калі ласка.
С: У мяне пытанне, з якога дня вы ва Украіне.
А: А на якой падставе? У мяне была запланаваная паездка.
С: Ну, гэта звычайнае пытанне.
А: Ну, гэта ж мая асабістая справа, калі я там была, калі я сюды трапіла. Нейкія больш такія важныя пытанні ёсць наогул?
С: Ну, гэта важнае пытанне.
А: Я так разумею, што вы хочаце бачыць мяне ў гасцях, так?
С: Так, мы хочам бачыць вас, апытаць для матэрыялаў праверкі.
Затым пэўны час следчы пераконвае Арыну прыехаць і адмаўляецца казаць, у сувязі з чым справа і чаму затрымалі сваякоў Арыны, бо «не хоча абмяркоўваць матэрыялы праверкі праз Telegram», а толькі шмат разоў настойліва пытае, калі Арына прыедзе ў Беларусь.
Удалося запісаць і наступную размову з Валянцінам, мужам сястры Арыны.
Валянцін: У мяне хвіліна прыкладна. Наогул, я на соднях, Георгій таксама. Значыць, у мяне вельмі настойліва пытаюць, калі ты прыедзеш, і каб ты пакінула нейкі тэлефон для сувязі з сабой.
Арына: А ты як?
В: Ну як… Кепска.
А: Дык ёсць жа мой вось Telegram, яны ж могуць патэлефанаваць мне праз Telegram.
В: Не ведаю, мяне тут (неразборліва) пытаюць, калі ты прыедзеш, і каб ты пакінула тэлефон. Мне асабліва не тлумачаць, і я асабліва не пытаю. Не па месцы як бы, і не ў тым стане я цяпер, каб нешта там…
А: Я не ведаю. Я не змагу прыехаць.
В: Дык што мне (неразборліва), я так разумею, што мне сядзець прыйдзецца столькі, пакуль яны як бы не пачуюць ад цябе, што ты (неразборліва).
А: Што там кажуць?
В: Я кажу, што, як я разумею, што мяне не адпусцяць да таго часу, пакуль ты хоць нешта ўцямнае не скажаш наконт прыезду.
А: Дык я не прыеду.
В: Ну, усё тады. Тады ў мяне, напэўна, да цябе пытанняў няма.
Вядоўца праграмы «Шчыра кажучы» Арына Маліноўская з’ехала з Беларусi. Пасля выдання пра сiлавiкоў затрымалі былых мiлiцыянтаў Ягора Емяльянава i Дзмiтрыя Кулакоўскага, якiя прыходзілi у студыю «Белсату». Увечары 21 траўня сiлавiкi прыйшлi на кватэру, дзе часова жыла Маліноўская. Вядоўцу «Шчыра кажучы» шукаюць праз сваякоў i знаёмых.
АА belsat.eu