У Беластоку праходзіць вялікі сімфанічны канцэрт да Дня Волі


У канцэртнай зале Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку 25 сакавіка праходзіць вялікі канцэрт, прымеркаваны да Дня Волі, з удзелам беларуска-польскага аркестра і салістаў-беларусаў з розных краін свету.

У Беластоку адбываецца канцэрт сімфанічнай музыкі «Беларускі музычны краявід: Гісторыя пра волю», прымеркаваны да Дня Волі. 25 сакавіка, Беласток.
Фота: Алесь Ляўчук / Белсат

Канцэрт сімфанічнай музыкі мае назву «Беларускі музычны краявід: Гісторыя пра волю» і праходзіць пры партнёрскай падтрымцы тэлеканала «Белсат».

Спецыяльнымі гасцямі канцэрта сталі выдатныя салісты з розных краін, выхадцы з Беларусі: Ілья Сільчукоў (барытон), які выступае на сцэне Оперы ў Бостане, Юлія Еўтухоўская (сапрана), Кірыл Кедук (фартэпіяна), Аляксей Ладзік (флейта). Вядоўца канцэрту – дырыжор Павел Котла.

Выступленне сімфанічнага аркестра падчас канцэрта «Беларускі музычны краявід: Гісторыя пра волю», прымеркаванага да Дня Волі. 25 сакавіка, Беласток.
Фота: Алесь Ляўчук / Белсат

Гасцей канцэрта прывітаў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Павел Латушка ўручае Ігару Лукашуку медаль Францыска Скарыны ад Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі.
Фота: Алесь Ляўчук / Белсат

Падчас імпрэзы дырэктар беларускага ліцэя ў Гайнаўцы Ігар Лукашук атрымаў з рук Паўла Латушкі медаль Францыска Скарыны ад Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі. Гэтым медалём узнагароджваюць выбітных людзей за ўнёсак у захаванне і папулярызацыю беларускай мовы.

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў