Жонцы палітвязня прысудзілі вялікі штраф за атрыманне дапамогі ад «INeedHelpBY»


Жонку палітзняволенага Арцёма Ляшнеўскага пакаралі штрафам памерам 1000 рублёў за атрыманне дапамогі ад дабрачыннай сеткі «INeedHelpBY» на суму 1157 рублёў 11 капеек. Пра гэта паведамляе «Віцебская Вясна».

Палітвязень Арцём Ляшнеўскі.
Фота: spring96.org

У судзе прагучалі звесткі пра тое, што жонка палітзняволенага перадавала прадстаўнікам «экстрэмісцкага фармавання» звесткі пра судзімасць мужа, а потым «атрымала і выкарыстала ў асабістых мэтах дабрачынную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў», за якія сетцы «Еўраопт» заплацілі з-за мяжы.

Паводле высноваў суду, жанчына такім чынам «стварыла пагрозу нанясення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, выражаную ў публічнай заведама неправамернай легітымізацыі дзеянняў асобаў, якія здзейснілі правапарушэнні і злачынствы, у тым ліку шляхам надання ім статусу палітвязняў, незаконным нівеляванні наступстваў прыцягнення да адказнасці».

Суд Воршы і Аршанскага раёну разгледзеў справу 1 лютага, але пра вынікі праваабаронцы даведаліся толькі цяпер.

Арцём Ляшнеўскі – жыхар Барані, які працаваў на аршанскай чыгунцы машыністам. Ён быў асуджаны паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу («Абраза прадстаўніка ўлады») за тое, што ў адной з сацсетак пакінуў абразлівы каментар у адрас гарадзенскага даішніка Вайцяшонка. Палітвязню прысудзілі 2,5 года «хіміі», ён адбывае пакаранне ў Ваўкавыску ў ПУАТ № 29.

Агляд
Галоўнае – максімальна запалохаць: як працуе карна-рэпрэсіўная машына ў Беларусі
2024.02.01 15:26

Нагадаем, 23 студзеня па ўсёй Беларусі супрацоўнікі КДБ учынілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманні сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных, якія нядаўна выйшлі з месцаў зняволення і заставаліся жыць у краіне. У пастановах на ператрусы былі пазначаныя артыкулы 361-2 («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») і 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні») Крымінальнага кодэксу РБ. Прычынай зацікаўленасці з боку КДБ стала дапамога семʼям палітвязняў ад ініцыятывы «INeedHelpBY», якую днямі ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Агулам падчас маштабнага рэйду КДБ пад пераслед трапілі не менш за 275 асобаў. Паводле адміністратыўных артыкулаў асудзілі мінімум 115 асобаў, 85 з якіх – паводле арт. 24.15 КаАП («Выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі»). Суды прызначаюць вялікія штрафы з кампенсацыяй сумы аплаты ў «Е-дастаўцы».

Рэпартаж
Праваабаронцы: Студзеньскі хапун – «новае дно». Але падтрымку рэпрэсаваных не спыняць
2024.02.10 09:04

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў