«Вітаю, лэдзі і джэнтльмены. Перад вамі выстава «Я перанасіў вельмі шмат ботаў»: у Варшаве выстава беларускага мастака з аўтызмам


Зала напаўняецца гледачамі, у яе ўваходзіць Ягор і сядае. Ён моцна хвалюецца і паўтарае тэкст сваёй прадмовы. Ягору 21 год, ён аўтыст, ён мастак EGOR OK, і ў гэтай зале адкрываецца выстава ягоных малюнкаў.

«Вітаю, лэдзі і джэнтльмены. Перад вамі выстава «Я перанасіў вельмі шмат ботаў». Гэта адсылка да адной з маіх працаў, змаляванай з фільму «Форэст Гамп». Зычу вам прыемнага даследавання», – кажа Ягор, збянтэжана і ўсхвалявана.

На выставе, што прайшла ў выходныя ў Цэнтры беларускай салідарнасці, Ягор прадставіў сваё ўпадабанне – кіно. Хлопец моцна захапляецца кінематографам.

«Ён вельмі любіць кіно, хоча стаць рэжысёрам і выратаваць міжнародны кінематограф», – распавядае пра Ягоравы планы ягоная мама Галя.

Наведнікі выставы «Я перанасіў шмат ботаў» разглядаюць карціны Ягора. Варшава, Польшча. 14 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат

Жанчына заўважае, што хлопец малюе даволі даўно, і для яго гэта сапраўдны інструмент камунікацыі:

«Маляванне прыйшло таму, што не было маўлення. Мы прыдумалі такі спосаб – тлумачыць малюнкамі. Бо з аўтызмам складана знайсці, праз што да чалавека падабрацца. Але ў яго ёсць гэты інструмент. Мы выкарыстоўвалі маляванне нават у школе, калі вучылі вершы: ён замалёўваў кожнае слова ў такі рэбус і потым распавядаў напамяць па карцінцы. Цяпер гэты інструмент камунікацыі з светам перайшоў у такую гісторыю, што ён робіцца мастаком і марыць пра рэжысёрства», – кажа Галя.

Маленькаму тады яшчэ хлопчыку маляванне далося не надта лёгка – фарбы яму не пасавалі, бо пасля іх брудныя рукі і складана паправіць малюнак, калі нешта пайшло не так. А вось аловак паддаўся Ягору адразу – таму ўсе працы на выставе выкананыя выключна ў графіцы. Цяпер гэта аўтарскі стыль хлопца.

Ягор чытае свой тэкст на адкрыцці выставы «Я перанасіў шмат ботаў». Варшава, Польшча. 14 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат
Карціна «Люстэрка» на выставе «Я перанасіў шмат ботаў». Варшава, Польшча. 14 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат

«Ён малюе без якой-небудзь вонкавай дапамогі. Я нават не ведаю, што ён малюе. Часцей за ўсё гэта сакрэт. Ён толькі можа пацікавіцца, як мне фінал», – распавядае мама Ягора.

Музыкі граюць на адкрыцці выставы «Я перанасіў шмат ботаў». Варшава, Польшча. 14 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат
Паштоўкі ад Ягора на выставе «Я перанасіў шмат ботаў». Варшава, Польшча. 14 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат

Са словаў Галі, пераезд у Польшчу для Ягора не быў асабліва складаны, але ўсё ж ёсць рэчы, па якіх малады мастак сумуе:

«Ён перажывае больш праз тое, што не ўсё даследаваў, напрыклад, у Маскве альбо ў Менску. Праз гэта было складана з’язджаць яму. Цяпер ён знайшоў тут, напрыклад, музей камп’ютарных гульняў, у якім ёсць пэўная прыстаўка, у якую можна пагуляць. Чалавек зразумеў, што гэта месца для яго. Ён шчаслівы, што ў гэтым месцы ёсць нешта для яго блізкае. Канечне, ён прызвычайваўся, і напэўна, толькі праз паўгода сказаў, што ў Варшаве яму цяпер падабаецца».

Цяпер Ягор мае вялікія планы выратавання міжнароднага кінематографу, пра якія згадвала ягоная мама. Але перад гэтым мастак хоча паступіць вучыцца ў школу кіно. На жаль, пакуль што праз хваробу гэтыя планы давялося адкласці:

«Ягор паступіў у каледж пасля школы, і мы збіраліся спачатку скончыць яго. Але паколькі пачалася эпілепсія, то стала складана, і мы ўзялі акадэмічны адпачынак і на некаторы час завязалі з вучобай. Пакуль не прызвычаіцца канчаткова. Я не маці-квахтуха, але я ведаю, што калі ён нешта задумаў, то нейкім цудоўным чынам у яго гэта атрымліваецца».

Мы зычым Ягору, каб усе ягоныя планы ўвасобіліся ў жыццё і шчыра спадзяемся ў хуткім часе пабачыць кінашэдэўры ад EGOR OK.

Ганна Вашчанка belsat.eu

Стужка навінаў