У другую гадавіну вайны ў шмат якіх краінах адбыліся акцыі пратэсту, да якіх далучыліся і беларусы. Карэспандэнты «Белсату» пабывалі на дэманстрацыях у Варшаве, Беластоку, Вільні, Тбілісі і Берліне.
Паводле звестак ААН, за два гады вайны ва Украіне загінулі найменей 10582 цывільных асобаў, 19875 былі параненыя. Сярод ахвяраў – 587 дзяцей.
У адмысловай справаздачы адзначаецца, што мільёны ўкраінцаў былі вымушаныя перасяліцца, тысячы страцілі свае дамы; былі пашкоджаныя або разбураныя сотні медычных і адукацыйных установаў, што значна паўплывала на правы людзей на ахову здароўя і адукацыю.
Больш за 14,6 млн чалавек – 40% насельніцтва Украіны – дасюль маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе, а 2,2 млн уцекачоў патрабуюць дапамогі ў суседніх краінах, паведамляецца ў заяве Міжнароднай арганізацыі міграцыі.
У другую гадавіну вайны ў шмат якіх краінах адбыліся акцыі супраць расейскай агрэсіі. Карэспандэнты «Белсату» пабывалі на дэманстрацыях у Варшаве, Беластоку, Вільні, Тбілісі і Берліне.
У Берліне акцыя салідарнасці з Украінаю адбылася каля Брандэнбургскай брамы і сабрала 5 тысячаў удзельнікаў. На мітынгу, арганізаваным аб’яднаннем украінцаў «Віче», выступіў у тым ліку мэр нямецкай сталіцы.
«Расея – тэрарыст», «Таўрус зараз», «Перамога для міру», – такія лозунгі гучалі на акцыі.
Беларусы прыйшлі на мітынг асобна вялікай групаю. Сярод іх былі тыя, хто стала жыве ў Нямеччыне, і тыя, хто ўцякаў з Украіны пасля пачатку вайны.
У Тбілісі адбыліся адразу дзве акцыі ў гадавіну вайны.
Першая, што называлася «За праўду! За Украіну!», прайшла ля Секцыі інтарэсаў РФ пры амбасадзе Швейцарыі ў Грузіі, была ініцыяваная фондам «Free Russia Foundation in Georgia» і сабрала каля 400 чалавек. Збольшага гэта былі грамадзяне Расеі. Людзі прыходзілі з плакатамі, кветкамі, скандавалі «Пуцін – х***ло!», «Свабоду Украіне!», «Рукі прэч ад Украіны!». Мерапрыемства скончылася хвілінай маўчання каля пасольства Украіны праз дарогу.
Другая дэманстрацыя адбылася на праспекце Руставэлі і перад будынкам парламента. Там сабраліся некалькі тысячаў асобаў. Батага людзей з розных краінаў прыйшлі падтрымаць Украіну, вялікая дыяспара беларусаў у Тбілісі, украінцаў, расейцаў. Выкрыквалі лозунгі «Слава Украіне!», «Героям слава!», «Пуцін – х***о!», «Слава ЗСУ!», «Расея – дзяржава тэрарыст!», «Данбас – цэ Украіна», «Крым – цэ Украіна!». Мітынг пачаўся з гімна Украіны. Далей граў гімн Грузіі. Актывісты падыходзілі да мікрафона і віталі ўсіх прысутных, казалі словы падзякі і падтрымання.
У Варшаве людзі сабраліся пад расейскай амбасадай, адкуль натоўп рушыў маршам у кірунку польскага Сейму. На акцыі прысутнічалі некалькі тысячаў асобаў, гучалі лозунгі «Слава Украіне!», «Слава нацыі!», «Вова, делай ноги!», «Зброя для Украіны» і іншыя.
У самым цэнтры Беластоку на Рынку Касцюшкі на акцыю салідарнасці з Украінаю выйшла некалькі сотняў чалавек. Акцыя была арганізавана з ініцыятывы беларускай дыяспары Беластоку, яе падтрымалі ўлады гораду.
Сцяпан Кубік belsat.eu