Сэнс новай палітыкі Макея. З Беларуссю перастануць размаўляць?


Беларусь імкнецца да нейтралітэту паводле Канстытуцыі, але гэта ў тэорыі. На практыцы ж Лукашэнка павялічвае вайсковую залежнасць ад Расеі. Уладзімір Макей, міністр замежных справаў Беларусі, заявіў аб прыярытэце Расеі ў вонкавай палітыцы і запрапанаваў адмовіцца ад запісу пра нейтралітэт у Асноўным Законе нашай краіны. У той жа час Украіна ўпершыню дакументальна адзначыла Беларусь як патэнцыйна небяспечную для сябе дзяржаву. Што зменіцца для Беларусі з новым палітычным курсам?

Беларускае міністэрства замежных справаў бярэ курс на новую канцэпцыю вонкавай палітыкі. Змены анансаваў кіраўнік ведамства Уладзімір Макей падчас выступу на Усебеларускім народным сходзе.

Уладзімір Макей, міністр замежных справаў Беларусі:

«На мой погляд, замацаванае ў Канстытуцыі памкненне беларусаў да нейтралітэту не адпавядае цяперашняй сітуацыі. У сучасным глабалізаваным свеце, пранізаным інтэрнацыяналізацыяй, нейтралітэту ў яго класічным разуменні ўжо не існуе. Прапануецца ўлічыць дадзены аспект пры працы над папраўкамі ў асноўны закон нашае краіны. Упэўнены, Беларусь, калі хоча заставацца суверэннай дзяржавай, мусіць і далей захоўваць прыхільнасць шматвектарнай вонкавай палітыцы».

Прычыну палітычнага крызісу ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў Уладзімір Макей пабачыў у – цытата – «сутыкненні сусветных геапалітычных гульцоў». Каб праз гульні трэціх краінаў не цярпелі мы, варта адмовіцца ад нейтралітэту. То бок – НЯўдзелу ў вайсковых блоках і аперацыях. Памкненне замацавалі ў Канстытуцыі, калі на пачатку дзевяностых яшчэ была свежаю памяць пра вайну ў Афганістане і ўдзел беларусаў у савецкай агрэсіі. Разам з тым пазней Беларусь далучылася да Арганізацыі дамовы пра калектыўную бяспеку (АДКБ).

ВІДЭА
Лукашэнка страціў давер у Крамлі. Ці прыслухаецца Пуцін да ягонага клічу?
2021.02.01 19:09

Каментуе Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Belarus Security Blog»:

«Беларусь фактычна не была нейтральнай дзяржавай, яна брала ўдзел у вайскова-палітычных арганізацыях, ініцыяваных Масквой. Амаль палова вонкаваэканамічнага абароту прыпадае цяпер на Расею. Ані эканамічнай дыверсіфікацыі, ані вайскова-палітычнага нейтралітэту ніколі не было».

А як могуць успрыняць адмову нават ад зафіксаванага на паперы памкнення да нейтралітэту і далейшае развіццё вонкавае палітыкі з ухілам на Расею?

Андрэй Паротнікаў:

«Як фіксацыя адсутнасці вонкавапалітычнай суб’ектнасці Беларусі. І гэта значыць, што з афіцыйным Менскам проста не будзе мець сэнсу весці перамовы ў прынцыповых пытаннях, трэба будзе весці іх з Крамлём. Гэта вельмі слізкая сітуацыя, зразумела, чаму ўлады Беларусі гэта робяць – яны хочуць спадабацца Маскве перад сустрэчай Лукашэнкі і Пуціна».

Экспартавую формулу трох трацінаў – размеркавання продажу прыкладна ў роўных далях паміж чальцамі ЕАЭС і Расеяй, Еўразвязам, а таксама іншымі краінамі, – Уладзімір Макей прапанаваў змяніць на прапорцыю 50 і двойчы па 25. План, аднак, можа быць складана выканаць. Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, дзеля забеспячэння справаздачы ў пытанні прапорцыяў Беларусь нярэдка гандлявала з суседкай ва ўбытак. Год за годам Расея пачала нарошчваць і сваю вытворчасць.

ВІДЭА
Валер Цапкала: Лукашэнка стварае праблему Пуціну. Ён гатовы на ўсё, але з адной умовай
2021.02.22 13:03

Леанід Злотнікаў, эканаміст:

«Тры гады таму каля 90 адсоткаў харчоў экспартавалі ў Расею з агульнага аб’ёму экспарту, цяпер экспартуем адсоткаў 85-87, нас пакрысе выцясняюць, што да тэхнікі, тут канкурэнтаздольнасць і нас выцясняе з Расеі і не толькі з Расеі».

Тым не менш чарговыя рэверансы ў бок Расеі з боку іншае мяжы расцанілі як апошні крок для выключэння Беларусі са спісу надзейных суседзяў. Служба вонкавай выведкі Украіны ўпершыню апублікавала гэтак званую Белую кнігу ў пытаннях нашае краіны – дакумент з пералікам патэнцыйных пагрозаў з боку Беларусі.

Дмытро Грамакоў, кіраўнік даследчых праектаў Цэнтру сацыяльнага інжынірынгу «РАНД», Украіна:

«Ахалоджванне дачыненняў абумоўлена пазіцыяй Беларусі, якая ўзгадняе свой вонкавапалітычны курс з расейскім вонкавапалітычным ведамствам у межах дамовы аб саюзнай дзяржаве і плану супольных дзеянняў на вонкавапалітычнай арэне з расейскім МЗС».

У інтэрв’ю тэлеканалу РБК Уладзімір Макей пацвердзіў, што дыялогу з Расеяй у інтэграцыйных пытаннях не перапынялі. Перадумоваў для «Белай кнігі» ва Украіны, аднак, было больш. Да прыкладу, нявызначаная пазіцыя ў расейска-ўкраінскім канфлікце. Акурат тады ўлады Беларусі нібы згадалі пра нейтралітэт, хоць захавала свае эканамічныя інтарэсы – экспарт на Данбас і санаторый у Крыме.

Дмытро Грамакоў:

«Беларусь можа за гэтай спасылкай у сваёй Канстытуцыі схавацца, аднак, з пункту гледжання стратэгічных планаў, з пункту гледжання развіцця сваёй вайсковай інфраструктуры, Беларусь завязаная на РФ і расейскі ваенпрам у тым ліку».

Замежная палітыка Аляксандра Лукашэнкі не адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якой нашая дзяржава імкнецца да нейтралітэту. За чвэрць стагоддзя нашая дзяржава пераўтварылася ў вайсковага васала Крамля. А значыць – бяда гэтай Канстытуцыі, трэба выдаліць згадку пра нейтралітэт. Фармальна змяніць дакумент можа беларускі народ шляхам рэферэндуму. Два разы незаконнаму прэзідэнту Беларусі ўдалося перапісаць асноўны закон. Трэці раз можа не атрымацца.

Сюжэт Юліі Лабанавай для праграмы «ПраСвет» 18 лютага 2021 г.

Калаж з фота: Nikolai Petrov / TASS / Forum; MAXIM SHEMETOV / Reuters / Forum; Mikhail Metzel / TASS / Forum

Стужка навінаў