Беларусы не хочуць купляць беларускую грэчку і замяняюць яе расейскай. Вось чаму


Вырашчаная ў Беларусі грэчка застаецца ляжаць на прылаўках крамаў і складах прадпрыемстваў, у той час як беларусы купляюць нашмат таннейшыя расейскія аналагі. Пра гэта паведамляе «Сельская газета» са спасылкай на звесткі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: 015.by

Як выявіла ў снежні 2023 года Упраўленне Камітэту дзяржкантролю ў Магілёўскай вобласці, на складах перапрацоўчых прадпрыемстваў адбываецца рост запасаў грачаных крупаў. У КДК тады меркавалі, што прычына гэтага ў невыкананні плану закупак крупаў арганізацыямі гандлю і грамадскага харчавання. Аднак праблема выявілася больш глыбокай.

Аказалася, што беларуская грэчка папросту губляе рынак, бо не можа канкураваць з імпартнай, цана на якую на 10–15 % ніжэйшая.

Закупачныя цэны на грэчку ў сельгасвытворцаў у Беларусі істотна выраслі: 2022 годзе – на 44,2 % да 2021 года, а ў 2023-м – яшчэ на 6,3 %. І нават у расейскіх вытворцаў цэны цяпер ніжэйшыя на 22,6 %, чым у Беларусі.

Як вынік, сярод 13,2 тыс. тон грачаных крупаў, прададзеных у Беларусі за дзевяць месяцаў 2023 года, на долю айчынных вытворцаў прыпала толькі траціна рынку – 34,2 %.

У выніку беларусы адмаўляюцца купляць беларускую грэчку. Праз гэта гандаль часта адмаўляецца набываць гэтыя крупы, а ў выніку растуць складскія запасы. Гэтак, у снежні 2023 года на складах Бабруйскага і Горацкага КХП запасаў грэчкі хапала на дзесяць месяцаў сярэднямесячнай рэалізацыі, Клімавіцкага – на больш як сем месяцаў.

Пры гэтым у Беларусі агулам назіраецца зніжэнне спажывання грачаных крупаў. У 2023 годзе іх продаж у краіне ўпаў амаль на 30 %.

Аб’ектыў
Кошты на грэчку пад «жэстачайшым» кантролем
2020.01.30 23:02

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў