У МЗС Грузіі заклікалі Лукашэнку не парушаць суверэнітэт краіны


Міністэрства замежных справаў Грузіі асудзіла сустрэчу 21 лютага ў Менску Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком самаабвешчанай Абхазіі Асланам Бжаніяй.

Аляксандр Лукашэнка і Аслан Бжанія.
Фота: president.gov.by

«Згаданая акцыя груба парушае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі ў межах міжнародна прызнаных межаў і ўяўляе сабой спробу ўзаконіць расейскі акупацыйны рэжым», – гаворыцца ў заяве.

У МЗС Грузіі таксама заклікалі Лукашэнку, якога ў ведамстве назвалі прэзідэнтам, «спыніць рабіць дзеянні, якія супярэчаць асноватворным прынцыпам і нормам міжнароднага права».

20 лютага прэзідэнт самаабвешчанай Рэспублікі Абхазія Бжанія прыбыў з візітам у Беларусь, дзе сустрэўся з Лукашэнкам. Бакі абмеркавалі «пытанні двухбаковай супрацы».

Сам Лукашэнка наведваў Абхазію 28 верасня 2022 года, але Беларусь да гэтага часу не прызнала яе незалежнасці. За выключэннем Расеі, Сірыі, Венесуэлы, Нікарагуа і Науру ўсе дзяржавы свету разглядаюць Абхазію і Паўднёвую Асецію як тэрыторыі Грузіі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў