Беднасць і алкаголь? Якія злачынствы здзяйсняюць беларусы і чаму


У 2023 годзе ў Беларусі зарэгістраваныя 85 374 злачынствы, паводле якіх заведзеныя крымінальныя справы. У выніку загінулі 673 чалавекі, паведамляе «BelPol» са спасылкай на «Адзіны дзяржаўны банк звестак аб правапарушэннях», да якога экс-сілавікі Беларусі атрымалі доступ. «Белсат» даведаўся, што яшчэ відаць у статыстыцы, якую ўлады хаваюць ад беларусаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

«Тэрмін “злачынства” ўжываецца намі ўмоўна, бо значная колькасць крымінальных справаў распачатая паслугачамі рэжыму незаконна, многія асобы неправамерна зазналі крымінальны пераслед паводле палітычных матываў», – падкрэслівае «BelPol» і абяцае, што звесткі ў палітычных справах апублікуе асобна пазней.

З амаль 85,4 тысяч злачынстваў самыя распаўсюджаныя – гэта:

  • крадзеж – 24,3 % ад усіх злачынстваў;
  • крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі – 14,3 %;
  • махлярства – 13,7 %;
  •  ухіленне бацькоў ад утрымання дзяцей або ад пакрыцця расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія былі або застаюцца на дзяржаўным забеспячэнні, – 7,5 %;
  • незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсараў і аналагаў – 4,4 %;
  • хуліганства – 3,98 %;
  • хатні гвалт – 2,8 %.

«Так мы можам зразумець рэальнае сацыяльнае і эканамічнае становішча грамадзянаў. Крадзяжы і падобныя злачынствы – каля паловы ад усіх злачынстваў. Гэта не ад добрага жыцця», – пракаментаваў «Белсату» статыстыку злачынстваў прадстаўнік «BelPol» Андрэй Астаповіч.

У 2023 годзе была скончаная вытворчасць у 45 967 крымінальных справах. Тымі, хто ўчыніў злачынствы, пазначаныя:

  • тыя, хто не мае працы і не навучаецца (або пры іх удзеле) – 55,7 %;
  • маюць судзімасць (або пры іх удзеле) – 33,8 %;
  • асобы, якія былі на момант злачынства ў стане алкагольнага апʼянення (або пры іх удзеле) – 29,7 %;
  • жанчыны (або пры іх удзеле) – 18,5 %;
  • асобы, якія былі ў стане наркатычнага апʼянення (або пры іх удзеле) – 2,5 %.

«Такім чынам, у скончаных вытворчасцях крымінальных справаў больш за палову злачынстваў здзейснілі грамадзяне, якія не працуюць і не вучацца, каля траціны злачынстваў – асобы, што раней былі пад судом, а таксама якія былі ў стане алкагольнага або наркатычнага апʼянення», – адзначае «BelPol».

«Гэта кажа, што наша папраўчая сістэма абсалютна не працуе. Месцы пазбаўлення волі не выпраўляюць людзей. Яны робяць іх горшымі і схіляюць да рэцыдыву, – дадае Андрэй Астаповіч. – І гэта паказвае, як дзяржава ў цэлым працуе. Калі шмат такіх злачынстваў, як крадзяжы і злачынствы, учыненых на фоне алкагольнага апʼянення, значыць, дзяржава не забяспечвае высокага ўзроўню жыцця. Алкагалізацыя насельніцтва была праблемай яшчэ да 2020 года. Вядома, на фоне алкагольнага апʼянення могуць быць і крадзяжы, але часцей там нанясенне цялесных пашкоджанняў, пагроза забойствам і забойства».

Пацярпелымі ў 2023 годзе прызнаныя 70 793 чалавек. З іх амаль 50 % – жанчыны.

Hавiны
Кіраўнік МУС паабяцаў прымяніць амністыю да забойцаў і пакінуць у турмах «палітычных»
2024.01.13 21:13

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў