«Вайскоўцы РФ падманам заклікаюць акружаных ўкраінскіх сілавікоў здацца ў палон»


Камандзір батальёну «Данбас» Сямён Сяменчанка распавёў пра сітуацыю з украінскімі вайскоўцамі, якія выходзяць з акружэння на Данбасе.

«Спрабуюць развесці хлопцаў на здачу ў палон, не паддаюцца. З аднаго боку танкавая дывізія, з другога – полк Паветрана-дэсантных войскаў. Хоць і вораг, але кадравыя, лепш чым ДНР. Параненым медыцынскую дапамогу аказалі», – паведаміў вайсковец пра расейскіх сілавікоў, што ваююць супраць Украіны на Данбасе.

Сяменчанка паведаміў, што ўкраінскія сілавікі знаходзяцца ў акружэнні ў селішчах Новокацярынаўка, Старобешава, Чырвонаполле каля Ілавайску Данецкай вобласці. Амаль тыдзень добраахвотнікі і сілавікі знаходзяцца пад пастаянным абстрэлам.

«Сітуацыя дзіўная і складаная. Патрэбна максімальная дэталёвасць і публічнасць», – адзначыў камандзір «Данбасу». Па словах Сяменчанкі, воінскія часткі, якія атачылі украінцаў пад Чарвонаполлем, нічога не ведалі пра дамоўленасці і давалі дзве гадзіны на здачу ў палон. Праз некаторы час сітуацыя, аднак, праяснілася.

Міністр унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў напісаў у «Фэйсбуку», што з акружэння за ноч выйшлі да пазіцый сіл антытэрарыстычнай аперацыі каля 100 байцоў, з іх 28 – добраахвотнікі. Колькі яшчэ чалавек засталося ў акружэнні – пакуль невядома.

29 жніўня прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заклікаў тэрарыстаў, якіх ён назваў «рушэнцамі Наваросіі», адкрыць гуманітарны калідор для ўкраінскіх вайскоўцаў, якія трапілі ў акружэнне.

Прэс-служба добраахвотнага батальёну «Данбас» паведамляла, што раніцай 29 жніўня ўкраінскім сілам пад Ілавайскам вылучылі ультыматум – здацца або загінуць.

Дзякуючы перамовам прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі з кіраўніцтвам тэрарыстаў, удалося дасягнуць дамоўленасцяў адносна вываду з акружэння байцоў, якія знаходзіліся пад Ілавайскам.

МЯ, belsat.eu, паводле unian.net

Стужка навінаў