23 гады незалежнасці


23 гады таму Вярхоўны Савет БССР надаў канстытуцыйную моц Дэкларацыі аб суверэнітэце нашай краіны, прынятую годам раней. Названая пастанова абвесціла вяршэнства беларускіх законаў над саюзнымі ды, тым самым, распачала адлік рэальнай незалежнасці Беларусі.

{movie}Наканаванасць ці выпадковасць? |right|18077{/movie}

Шмат каму тады гэта здалося цудам, бо пранезалежніцкая фракцыя ў парламенце складала ўсяго 26 асобаў з 348-мі. Пракамуністычная ж большасць, прызначаная савецкаю наменклатураю, выступала катэгарычна супраць любога аддалення ад Масквы.

Менавіта таму найвышэйшае кіраўніцтва БССР, сярод іншых – тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Мікалай Дземянцей і першы сакратар ЦК КПБ Анатоль Малафееў, за шэсць дзён да знакавай для Беларусі падзеі публічна выступілі з падтрыманнем жнівеньскага путчу ГКЧП у Маскве.

Прадэмакратычныя сілы ў Менску, наадварот, выйшлі на акцыю пратэсту да Дому ўраду. 19 жніўня іх было некалькі соцень чалавек. У наступныя дні іх колькасць павялічылася да некалькіх тысячаў.

Пасля правалу путчу ў Маскве Вярхоўны Савет БССР сабраўся на пазачарговую сесію, на якой кіраўніцтва краіны паспрабавала адхрысціцца ад сваёй ролі ў путчы. Але парламенцкая фракцыя БНФ, пагражаючы ўварваннем у Авальную залу пратэстоўцаў, дамагалася, каб на парадак дня выставілі пытанне аб незалежнасці.

Першага сакратара ЦК Анатоля Малафеева дэпутаты БНФ фізічна не дапусцілі на трыбуну, пасля чаго ў адстаўку падаў Дземянцей. Пасля перапынку за падтрыманне прапановаў апазіцыі выступіў прэм’ер-міністр БССР Вячаслаў Кебіч. 25 жніўня, пасля 8-ай гадзіны вечара, Вярхоўны Савет БССР прагаласаваў за незалежнасць 70 % галасоў.

Станіслаў Івашкевіч, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў