“Lyapis Crew”: апошнія выступы


Пайшлі на адлік апошнія канцэрты ўлюбёнцаў беларускай ды замежнай публікі – гурта “Ляпис Трубецкой”. Мінулым тыднем “Ляпісы” завяршылі выступы ў Літве.

У суботу віленскую пляцоўку “Loftas“ запоўніла больш за чатыры тысячы наведнікаў, усе квіткі былі распрададзеныя. Гэты выступ у Вільні стаў найлепшым шанцам для беларусаў пабываць на канцэрце развітальнага туру “Клоуна нет”. Таму не ў першы раз чэргі жадаючых дабрацца да “Ляпісаў” запоўнілі пункты памежнага пераходу між Беларуссю і Літвой.

Выступ цягнуўся больш за 2 гадзіны і складаўся з 32 песень з розных альбомаў гурта, аднак, да расчаравання часткі публікі, Сяргей Міхалок не звярнуўся да найбольш ранняга этапу сваёй творчасці. Падчас выступу фронтмэн не быў шматслоўны, выгучваючы свае славутыя вершы толькі раз на 3-4 песні. Тэму распаду калектыва ён адзначыў толькі аднойчы, сказаўшы, што, хоць гурт памірае, песні яго будуць жыць.

{movie}“Lyapis Crew”: апошнія выступы |right|18063{/movie}

А 16-17 жніўня беларускі гурт адзначыўся на прыморскім фэсце “Каркле”. Нягледзячы на дажджлівы ўікэнд, фэст сабраў каля 15 тысячаў наведнікаў. На бераг Балтыйскага мора прыехала і нямала беларусаў. Не толькі суайчыннікі, але і міжнародная публіка горача прыняла культавы беларускі гурт. Для гледачоў падрыхтавалі 6 сцэнаў, на якіх выступіла каля 80 артыстаў самых розных жанраў. Хэдлайнерамі сёлетняга “Каркле” сталі HIM і Tinie Tempah.

Мантас Канішаўскас, арганізатар фестывалю:

«У 2012 годзе мы запрасілі “Мумій Троль”, гэта быў для нас першы замежны гурт, а яны пытаюць: “А што такое Каркле?” Затым у нас выступілі Far East Movement і The Rasmus, і такім чынам, з вуснаў у вусны, слава фестываля распаўсюджваецца. Менеджары і арганізатары даведваюцца пра нас, нам ужо ўдалося завязаць міжнародныя знаёмствы. Таму сёлета мы запрасілі Tinie Tempah і HIM. Штогод міжнародны калібр выступоўцаў павялічваецца».

Два апошнія выступы “Ляпис Трубецкой” наладзіць у Кіеве і Санкт-Пецярбургу 26 ды 28 жніўня адпаведна. Нагадаем, што гурт анансаваў спыненне сваёй творчай дзейнасці ад 1 верасня.

Настасся Яўмен, belsat.eu, Літва

Стужка навінаў