Еўразвяз назваў тэрактам забойства ганаровага консула Літвы ў Луганску


Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан заклікала прыцягнуць забойцаў да адказнасці.

Еўрапейскі Звяз расцэньвае выкраданне і забойства ганаровага консула Літвы Мікалая Зелянца на ўсходзе Украіне як тэрарыстычны акт. Пра гэта гаворыцца ў заяве Вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, апублікаванай на сайце Еўрапейскай дыпламатычнай службы. У дакуменце сцвярджаецца, што Зелянец быў забіты «незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі ў Луганску». Эштан заклікала прыцягнуць да адказнасці і аддаць пад суд забойцаў ганаровага консула.

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі падкрэсліла, што трагічная смерць Зелянца «зноў паказвае неабходнасць пакласці канец гвалту і зрабіць захады па спыненні крызісу» ва Усходняй Украіне. Яна таксама заклікала Расею неадкладна спыніць свае дзеянні, якія дэстабілізуюць сітуацыю ў суседняй краіне, і далучыцца да агульных намаганняў па аднаўленні міру і бяспекі ва Украіне.

Мікалай Зелянец быў грамадзянінам Украіны ды меў уласны бізнес у Луганску. Статус ганаровага консула Літвы ён атрымаў за ўнёсак ва ўкраінска-літоўскія дачыненні. У бізнесмена – чацвёра дзяцей.

МЯ, belsat.eu, паводле Расейскай службы Deutsche Welle

Глядзі таксама
Каментары