Маруся вандруе па Беларусі. Беларуская вёска


Мяне клічуць Маруся ці проста Маша. Мне хутка будзе шэсць гадоў, і я збіраюся ў школу, каб быць дарослай. Аднойчы мы з матуляй вырашылі, што нядрэнна б пазнаёміцца з гарадамі і вёскамі на радзіме. Радзіма – гэта не толькі радзільня і горад, дзе ты нарадзіўся. Радзіма – гэта месца ў тваім жыцці, да якога вабіць з любой іншай краіны свету, ці яшчэ нейкая кропка на мапе, дзе ты праводзіш значную частку жыцця. А што пабачыла ў нашых падарожжах, я вам буду распавядаць.

«Хто, хто ў горадзе жыве, хто на хутар свой ідзе…» – спявалі мы з матуляй і каціліся на ровары. Як мне пашанцавала ўлетку! Сёлета нас запрашалі ў вёскі ў розных кутках Беларусі: мы былі на Палессі, вандравалі па вёсках ля літоўскае мяжы, спыняліся ў цэнтры краіны недзе па дарозе на Маскву. І паўсюль нас частавалі сапраўдным тлустым малаком і здзіўляліся, чаму ж нам так цікава не ў сталіцы з рознакаляровымі агеньчыкамі, магутнымі будынкамі і велізарнымі крамамі, а сярод каровак ды курачак, коцікаў і цішыні.

Матуля распавядала, што настаў той час, калі людзі набываюць хаткі ў вёсках ці на хутары і з’язджаюць з гарадоў. «А як жа праца?» – запыталася я. Вось і даведалася, што такі зараз час, калі шмат хто працуе за кампутарам: піша гісторыі ці навіны, малюе, нават вучыць людзей! І няма розніцы, дзе ты жывеш, бо ёсць сусветнае сеціва – інтэрнэт.

Яшчэ людзі выязджаюць з гарадоў тады, калі клапоцяцца пра здароў’е. Раней ежу рабілі з садавіны, гародніны ды жывёлы. Бабуля казала, што нават дрэнная ежа, як сасіскі, у яе маладосці надаваліся, каб рабіць з імі амлет на сняданак. Але цяпер у крамах шмат таго, што набываць небяспечна для добрага настрою і фізічных заняткаў: чыпсы, нават печыва і ёгурты маюць нейкае страшнае «Е». Гэтае «Е», падаецца, і прымушае людзей жыць у вёсках і гадаваць сваю гаспадарку.

Некаторыя дарослыя набываюць хаткі ў вёсках ці на хутары таму, што шмат вандравалі па свеце і бачылі розныя цуды, але зрабілася ім пяцьдзясят год і пайшлі яны «шукаць карані і сэнс». Ці гэта гульня такая ў чалавека: увесь свой лёс нешта шукаць?.. І ўвогуле, як кажа мамачка, жыццё сярод прыроды зрабілася не толькі на карысць сэрцу, яно пачало быць модным. Мода – гэта калі адзін кажа “вось гэта прыгожа, я буду так рабіць”, астатнія на яго глядзяць і моўчкі робяць тое ж самае.

Таму моладзь таксама імкнецца займець уласныя падворкі і дамы: кажуць, што дзецям добра, калі яны ўвесь час гуляюць на вуліцы.

А што гавораць вяскоўцы? Адныя, што вельмі старыя, маюць звычку жыць у вёсцы і «ні за якія пернікі не паедуць у шумны горад, дзе, як дурні шалёныя, гойсаюць людзі са сваймі машынамі і грашовымі зносінамі». Іншыя, якім столькі год, як маім бацькам, мараць пра магчымасці ў сталіцах свету і ўцякаюць спачатку ва ўніверсітэт, а потым на працу, каб «замацавацца і застацца».

У вёсках сапраўды цішыня і спакой: ці зранку выйдзеш, ці ўвечары, так і не зразумееш, колькі гадзінаў, бо нічога не рухаецца, акрамя конікаў па дарогах. Крама, царква ці касцёл, фельчарскі пункт ды дом побыту. Яшчэ часам можа сустрэцца якая-небудзь мясцовая кавярня, але гэта ў жывых, шматлюдных вёсках. Там, дзе хаткі пакідаюць, да іх хутчэй ужо ніхто не вяртаецца, і вёска знікае. Аднойчы мы гасцілі ў вёсцы, дзе засталося пяць хат, астатнія зараслі травой, ці нашчадкі бабулек, што памерлі, зрабілі лецішчы.

Падчас шпацыру на ровары мы нават у вёсцы, дзе засталося шмат жыхароў, пачалі знаходзіць пакінутыя хаткі. У адной з такіх жыла котка са сваймі дзецьмі. Вочы маленькіх коцікаў былі заплюшчаны не праз узрост, а праз хваробу. Нават такой незалежнай жывёліне, як котка патрэбны клопат і дагляд.

Ёсць адна казка пра прынца, у ёй кажуць, што мы ўвесь час адказныя за тых, хто прыйшоў у нашае жыццё. Мабыць, таму трэба ездзіць у вёскі, заязджаць да старых, нават не родных, і пытацца, як яны жывуць. І тады ты нечакана зразумееш, што і сапраўды лепш там, дзе няма шкляных падробак і паўсотні машын у адным двары. Але мне толькі шэсць гадоў і цяпер мяне вабяць гульні і дзеці. Кожнаму чалавеку – свой час.

Гісторыю запісала Зарына Бабко для belsat.eu

Стужка навінаў