Еўразвяз заклікаў Расею забраць свой «гуманітарны канвой» з Украіны


«Мы заклікаем Расею перагледзець гэтае рашэнне», – сказаў прэс-сакратар кіраўніцы еўрапейскай дыпламатыі.

«Гэта – жорсткае парушэнне ўкраінскіх межаў. Гэта таксама супярэчыць папярэднім дамоўленасцям, дасягнутым паміж Украінаю, Расеяй і Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа», – заявіў Себасцьен Брабан (Sebastien Brabant), прэс-сакратар Вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан (Catherine Ashton).

СебасцьенБрабан падкрэсліў, што згодна з міжнародным гуманітарным заканадаўствам, такі канвой мусіць суправаджацца Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа.

Расея здзейсніла прамое вайсковае ўварванне на тэрыторыю Украіны, спрабуючы замаскаваць яго пад калону з гуманітарным грузам, заявіў раней кіраўнік Службы бяспекі Украіны Валянцін Налівайчанка.

«Мы называем гэта прамым уварваннем пад цынічным прыкрыццём Чырвонага Крыжа. Гэта вайсковыя аўтамабілі, гэта вайскоўцы з дакументамі прыкрыцця. Там у ролі кіроўцаў знаходзяцца вайскоўцы, навучаныя на канвойныя функцыі, на кіраванне баявымі машынамі, танкамі і артылерыяй. Транспарт з гэтай калоны будзе ужыты для перавозкі артылерыі, а значыць, супраць мірнага насельніцтва», – падкрэсліў кіраўнік СБУ.

Налівайчанка адзначыў, што, па звестках СБУ, так званая гуманітарная калона з Расеі пераследуе тры мэты. Першая – выкарыстанне вайсковых КамАЗаў, перафарбаваных у белы колер, для перавозкі артылерыйскіх установак, другая – гэта перавозка зброі і рыштунку для тэрарыстаў, і трэцяя, найважнейшая, – вываз целаў забітых людзей, каб сваякі загінулых не даведаліся, дзе памерлі іх родныя.

Налівайчанка адзначыў, што перасеклі мяжу з Украінай ўжо 34 цяжкавікі, а яшчэ звыш 200 машынаў з вайсковым персаналам у якасці кіроўцаў стаіць непасрэдна на мяжы. Кіруе перамяшчэннем усіх гэтых аўтамабіляў расейскіх генерал.

МЗС Расеі сёння, 22 жніўня, абвясціў, што Расея прыняла рашэнне адправіць расейскі «гуманітарны канвой» у Луганск без узгаднення з украінскім бокам і Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа.

«Мяркуючы па ўсім, у Кіеве задаліся мэтай забяспечыць поўную сілавую «зачыстку» Луганску і Данецку да блізкага Дня незалежнасці 24 жніўня. Мацнее адчуванне, што цяперашнія ўкраінскія кіраўнікі свядома зацягваюць дастаўку гуманітарнага грузу, каб дамагчыся сітуацыі, калі дапамогі наагул не будзе каму аказваць», – заявіў расейскі бок. Пуцін ведае пра рух «гуманірнага канвою» ва Украіну насуперак волі ўкраінскіх уладаў.

Каля 300 «КамАЗаў» Крэмль адправіў з грузам ва Украіну 12 жніўня. Чырвоны Крыж падкэсліваў, што не ведае, які груз знаходзіцца ў цяжкавіках.

МЯ, belsat.eu, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў