У Гомлі збіраюць грошы, каб Лукашэнка з сынам Колем маглі «добра пагуляць»


Гэтым летам Аляксандр Лукашэнка адзначае адразу два сур’ёзныя юбілеі. У чэрвені – дваццатая гадавіна прэзідэнцтва, а ў жніўні – “круглы” дзень народзінаў. У Гомлі актывісты прафсаюзу РЭП пастанавілі адзначыць гэтыя даты па-свойму: ладзячы акцыю – збор сродкаў да “20-годдзя аднаасобнага кіравання і да 60-годдзя чалавека, які трошкі вышэй за Бога”.

{movie}Час на пенсію? (19.08.2014) |right|17995{/movie}

УЛАДЗІМІР НЯПОМНЯШЧЫХ, АГП, ГОМЕЛЬ:
“Мне не шкада анічога, галоўнае – для росквіту Колі і яго таты. Дай Бог ім здароўя, многія лета і добра пагуляць на гэтыя грошы”.

Адметна, што ў адмыслова аформленую скрыню можна кідаць толькі 50-рублёвыя купюры. Паводле арганізатараў акцыі, на сёння пяцьдзесят рублёў – гэта купюра, якую нельга размяняць. Актывісты пастанавілі сабраць поўную скрынку і падлічыць потым, колькі кілаграмаў паперы ў яе змесціцца і што можна будзе на гэтую суму набыць.

АНДРЭЙ ТОЛЧЫН, ДЭМАКРАТЫЧНЫ АКТЫВІСТ З ГОМЛЯ:
“Калі глядзець тэлевізар, то за гэтыя купюры нібыта можна ўсё набыць, але калі ў рэчаіснасці паглядзець, то яны толькі для гэтай скрыні і прыдатныя. Гэтыя купюры нават і не каштуюць той паперы, з якой яны вырабленыя, сыравіна каштуе болей, але, відаць, у нас такая рэчаіснасць цудоўная”.

А вось якім чынам выдаткоўваць сабраныя грошы, арганізатары збіраюцца вызначыць па сканчэнні акцыі. Мяркуюць або набыць за гэтыя грошы падарунак кіраўніку Беларусі, або зарганізаваць святочную імпрэзу ў Гомлі. Акцыя ж завершыцца 30-га жніўня, акурат у дзень, калі Аляксандр Лукашэнка адзначыць свае 60 гадоў. І калі акцыя актывістаў носіць гумарыстычны характар, то апытаныя намі жыхары Гомля сур’ёзна выказвалі свае зычэнні кіраўніку краіны да юбілею.

ЖЫХАРЫ ГОМЛЯ:
“Зычу яму мудрасці і ўсё. Яму гэта трэба як кіраўніку нашай краіны”.
“Зычэнні яму моцнага здароўя, няхай ён як мага даўжэй кіруе, але хай больш думае пра народ”.
“Найлепшы для яго падарунак – гэта ж наш дабрабыт”.
“Галоўнае – розуму. А таксама – свядомасці, ну, хоць нейкай, увогуле. Не тое, што там нацыянальнай ці нейкай, але проста свядомасці”.

І калі ад пажаданняў да падсумаванняў вынікаў гэтых юбілеяў, то для палітычнай кар’еры, як адзначаў “Аб’ектыў” у чэрвені, апошнія 20 гадоў сталі часам застою і вяртання да Савецкага Саюзу. А ў плане асабістага юбілею можна толькі зазначыць, што кіраўнік краіны адзначыў дату, калі час сыходзіць на пенсію.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары