Маруся вандруе па Беларусі. Паставы


Мяне клічуць Маруся ці проста Маша. Мне хутка будзе шэсць гадоў, і я збіраюся ў школу, каб быць дарослай. Аднойчы мы з матуляй вырашылі, што нядрэнна б пазнаёміцца з гарадамі і вёскамі на радзіме. Радзіма – гэта не толькі радзільня і горад, дзе ты нарадзіўся. Радзіма – гэта месца ў тваім жыцці, да якога вабіць з любой іншай краіны свету, ці яшчэ нейкая кропка на мапе, дзе ты праводзіш значную частку жыцця. А што пабачыла ў нашых падарожжах, я вам буду распавядаць.

Цэнтральная плошча.Цэнтральная плошча.Часам я назіраю за дарослымі, але ім пра гэта не кажу. Вось маіх бацькоў вабяць вандроўкі, і яны навучылі мяне шанаваць новыя мясціны, разглядаць у іх незвычайнасці. Але я падзялілася сакрэтам з матуляй аб тым, што мне вельмі хочацца вярнуцца ў адно мястэчка, дзе калісьці нашай сям’і прыходзілася жыць. Тата патлумачыў мне такую справу: калі ты вучыўся бясплатна ва ўніверсітэце, табе трэба «заплаціць» за гэта дзяржаве размеркаваннем.

Дык вось з-за гэтага размеркавання мае бацькі жылі з маленькаю Машай ў Паставах. Калі яно скончылася, мы адтуль адразу з’ехалі, але там засталіся мае сябры. Найлепшыя вандроўкі для мяне – гэта ехаць туды, дзе жывуць свае людзі. Я вельмі прасіла бацькоў паехаць у Паставы, і яны пагадзіліся.

Паставы – горад невялікі, у выходныя пасля абеду, калі зачыняецца рынак, з цэнтральнай плошчы і вуліц людзі знікаюць па дамах і ўласных справах, нікога і нідзе вы не сустрэнеце. Але ў горадзе шмат вайскоўцаў, якія прыязджаюць працаваць у ваенны шпіталь ці «верталётку», а потым зноў з’язджаюць з жонкамі і дзецьмі ці наадварот, застаюцца. «Верталёткай» называюць верталётную частку, якую міністры збіраюцца зачыняць назаўсёды.

Касцёл, які вы маглі бачыць на тэлефонных картках.Касцёл, які вы маглі бачыць на тэлефонных картках.Часам кватэры тут набываюць літоўцы, яны суседзі беларусаў, бо Паставы знаходзяцца на памежжы. Вось праз тое, што шмат усіх валэндаецца туды-сюды, ніхто дакладна не ведае, колькі людзей жыве ў Паставах, але прыблізна кажуць дваццаць тысяч. Мама палічыла, што гэта недзе столькі, колькі можа змясціцца ў трыццаці дамах Кунцаўшчыны ў Менску.

Мы прыехалі ў Паставы і ўзялі маю сяброўку Дашу пагуляць з намі. Даша кажа, што Паставы – найлепшы горад на планеце. Але Даша мала дзе вандравала, і ёй складана параўноўваць. Заробкі тутэйшых жыхароў невялікія, калі ты працуеш не на сябе. На сябе працаваць – гэта мець уласную справу, а не на сябе – гэта калі ты працуеш на кагосьці, напрыклад у вялікай краме, і аддаеш ёй усе грошы, а табе вяртаюць з гэтага трошачку. Мы запыталіся ў Дашынай маці, колькі яна зарабляе. «Два мільёна шэсцьсот»,- адказала Дашына мама. Я падумала, што калі ў яе мільёны, то яна вельмі багатая, але маці дадала сумнае: «На хлеб». І я адчула ў яе голасе, што за гэтыя грошы нельга пражыць чалавеку.

У Паставы часам прыязджаюць экскурсіі – шмат вандроўнікаў у адным аўтобусе. Прыязджаюць сюды паглядзець старую царкву святога Мікалая і касцёл святога Антонія, бо яны сапраўды вельмі прыгожыя. Раней, калі не ў кожнага чалавека былі мабільныя тэлефоны, людзі шмат карысталіся таксафонамі (гэта такія тэлефоны на вуліцах, па якіх можна званіць, набыўшы картку). Дык вось на адной з такіх картак быў фотаздымак пастаўскага касцёла. Яшчэ тут цікавяцца хаткаю лекара і палацам Тызэнгаўза, у якім цяпер паліклініка.

«Мамачка, я так люблю Паставы, давай вернемся сюды жыць!» – «Марусь, а што тут рабіць?» Я пачала тлумачыць, як тут цудоўна купацца ў возеры, гуляць з сябрамі, хадзіць на кірмаш. «А што ты будзеш рабіць увосень, калі возера зачыніцца з-за надвор’я, а сябры пойдуць у школу?..» І я змоўкла. Агледзелася навокал: вось той самы фантан, у які я, паслізнуўшыся, звалілася з галавой, вось тыя ж самыя крамы, якія тут заўсёды наведвалі мы ў пошуках дробязей, тая ж самыя вячэрняя цішыня… толькі ў царквы з’явілася новая брама, якой раней не было. Дык дзе існуе жыццё: у шумным Менску ці там, дзе ўсё захоўвацца, як гародніна ў шклянцы?..

Жыццё – гэта кожны дзень, а кожны дзень – гэта не толькі вакацыі, а яшчэ і праца, і нейкія заняткі. Але ведаеце, ніякага жыцця не існуе, калі вакол няма шчырых, добрых людзей. Таму, калі я вырасту, я пабудую свой горад. Гэты горад будзе маленькі, як Паставы, але ў ім штогод будуць з’яўляцца цікавінкі, дзіцячыя цэнтры і, як кажуць дарослыя, «магчымасці». Я запрашу ў гэты горад сваіх знаёмых і сяброў, і кожны дзень, з самага ранку, калі заспявае пявун, да заходу сонейка мы будзем ствараць. Ствараць свае, незалежнае ад надвор’я і міністраў, сапраўднае, шчаслівае жыццё…

Гісторыю запісала Зарына Бабко для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары