Роднае чапляе


Не проста памятаць свае карані ды гісторыю, але і падаваць прыклад іншым. Як паказаў конкурс ад “Арт Сядзібы” ды радыё “Свабода” “Саколкі вольных беларусаў”, нямала дызайнераў адзення ў нашай краіне натхняюцца нацыянальнымі матывамі.

{movie}Вопратка для неабыякавых |right|17928{/movie}

ФРАНАК ВЯЧОРКА, АРГАНІЗАТАР КОНКУРСУ:
“Тэма – беларускія нацыянальныя сімвалы, беларускія традыцыі, мова, культура. На конкурс мы атрымалі больш за 100 працаў, больш як ад 70 аўтараў, і сёння мы падводзім вынікі гэтага конкурсу ды абіраем 12 фіналістаў”.

Як сведчаць вынікі, найбольш актыўна інтэрнаўты галасавалі за нацыянальныя абстрактныя малюнкі, якія кожны трактуе па-свойму.

ВОЛЯ БЕРАСНЕВА, УДЗЕЛЬНІЦА КОНКУРСУ:
“Я разумею, што птушка – Скарына. І я разумею, што ўсе гэта ведаюць. Нават калі ўзяць словы проста з Бібліі, калі яны будуць не беларускай мовай напісаныя, а старабеларускай, усе зразумеюць што гэта. І я зразумела, што гэта чапляе, што я б насіла такі прынт”.

Шмат жа якія іншыя конкурсныя працы, патрыятычныя, а часам – выразна палітычныя, у сённяшняй Беларусі могуць давесці і да турмы. Днямі з ізалятару выйшаў моладзевы актывіст Ілля Дабратвор, які адбыў там 15 содняў за саколку з выяваю бел-чырвона-белага сцяга. А як жа да людзей у патрыятычных кашульках ставяцца жыхары Менску?

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Гэта натуральна, што людзі ганарацца сваёй гісторыяй, культураю”.
“Калі яшчэ супадзенне дызайну пры гэтым, прыгожа, пісьменна зроблена. Гэта добра выглядае”.
“Сам я не апранаў, стаўлюся спакойна, не бачу ў гэтым нічога страшнага”.

Сярод жа нацыянальна свядомых беларусаў пашыраецца мода на вышыванкі і нацыянальныя строі ўвогуле. Сяргей Рудовіч толькі тыдзень таму адчыніў этнаграфічную інтэрнэт-краму, замовы ўжо мае з розных куткоў Беларусі і нават з ЗША.

СЯРГЕЙ РУДОВІЧ, ІНТЭРНЭТ-КРАМА БЕЛАРУСКІХ ЭТНАТАВАРАЎ:
“Людзі, асабліва маладыя людзі, больш сталі ездзіць па іншых краінах, і яны бачаць, што там кожны носіць сваё адзенне. Ён адчувае сябе: нехта швейцарцам, нехта канадцам. І кожны задае сабе пытанне: а хто я?”.

Але найчасцей да гандляроў нацыянальнымі строямі звяртаюцца асобы, якія добра ведаюць адказ на гэтае пытанне.

АЛЕНА ГАЛІЕЎСКАЯ, МАСТАЧКА-МАДЭЛЬЕРКА, УП «СКАРБНІЦА»:
“Натуральна, ён хоча, каб гэты выраб, які ён будзе насіць, меў нейкія адносіны да каранёў. Таму ён кажа: вось у мяне жылі на Гарадзеншчыне, я хачу, каб у арнаменце прысутнічалі такія матывы, якія насілі там”.

Вытворчасць вышыванак – праца ручная, амаль ювелірная, таму і кошты адпаведныя. У сярэднім кашулі, якія калісьці насілі нашыя продкі, ацэньваюцца ў мільён рублёў. Выдатак сур’ёзны, але ці не варты таго, каб падкрэсліць сваю неабыякавасць?

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў