«МакДоналдс» у Беларусі можа быць такім Піліпам, які пайшоў сеяць»


Самая буйная сетка хуткага харчавання ў свеце пабудуе свае рэстараны і ў беларускіх рэгіёнах. «Гэта можа быць маяком для іншых інвестараў, сігналам, што сюды варта ўкладаць грошы. Гэта як у вёсцы: усе паглядзелі, што Піліп пайшоў сеяць, і таксама пайшлі», – мяркуе эканаміст Міхал Залескі.

Цягам найбліжэйшых гадоў у Беларусі маюць пабудаваць 28 новых рэстаранаў сеткі «МакДоналдс», распавёў «Сельской газете» адзін з прадстаўнікоў кампаніі. У планах на гэты год – адкрыццё экспрэс-кавярняў у Гомлі, Берасці, Горадні і Магілёве і г.д. У канцы наступнага года фастфуд прыйдзе ў Барысаў, Наваполацк, Оршу, Салігорск, Мазыр, Баранавічы і г.д. У далейшых планах кампаніі – курортныя пасёлкі і нават буйныя аграгарадкі.

На будаўніцтва кожнай пляцоўкі ў Беларусі «МакДоналдс» выдаткуе каля $ 2,5 млн, а ў кожным з пунктаў хуткага харчавання будзе працаваць каля 100 чалавек, падаў «Белсату» начальнік аддзелу развіцця кампаніі спадар Сяргей Свірыдовіч.

«МакДоналдс» працуе ў Менску з 1996 года, калі адразу адкрылі тры рэстараны. На дадзены момант паесці гамбургераў можна ў 7 пляцоўках гэтай фірмы ў беларускай сталіцы. Першым абласным цэнтрам, дзе пачаў працаваць «МакДоналдс», стаў сёлета ў ліпені Віцебск. Чаму ж кіраўніцтва кампаніі ўзялося за пашырэнне сеткі менавіта цяпер?

Паводле эканаміста Міхала Залескага, «МакДоналдс» урэшце адышоў ад канфлікту з кіраўніцтвам БДУ ў 2002 годзе, калі на зямельным участку, які знаходзіўся ў доўгатэрміновай арэндзе кампаніі, пачалі будаваць адзін з універсітэцкіх корпусаў. У выніку будынак «МакДоналдсу» на Прывакзальнай плошчы ў Менску прастаяў у закансерваваным выглядзе 10 гадоў, перабудоўваць яго пачалі толькі 2 гады таму, але да гэтага часу не адкрылі.

«Самае істотнае тут, што за «МакДоналдс’ам» у Беларусь могуць пацягнуцца іншыя замежныя інвестары, кампаніі, якія атрымаюць сігнал, што тут можна працаваць і рабіць бізнес», – падкрэсліў адмысловец.

Развіццё «МакДоналдсу» ў Беларусі створыць спрыяльныя ўмовы для іншых галінаў гаспадаркі. Паводле эканаміста, гэта дадатна паўплывае на сельскую вытворчасць, адкуль будзе пастаўляцца сыравіна, на сферу лагістыкі і г.д.

«Тут не будзе, аднак, ніякай высокай тэхналогіі. Чаму да нас не прыйдзе такі гігант як «General Electric» альбо НАСА (Нацыянальная адміністрацыя аэранаўтыкі і космасу – belsat.eu), каб запускаць ракеты? Відаць таму, што Беларусь надалей успрымаюць як краіну трэцяга свету, дзе існуе толькі нізкатэхналагічная прамысловасць», – мяркуе спадар Залескі.

Паводле эканаміста, унёсак «МакДоналдсу» ў беларускую гаспадарку нельга перабольшваць. «Пабудавалі рэстаран за $ 2,5 млн. Але што гэта ў параўнанні з тым, што толькі за частку новага абсталявання на заводзе «Нафтан» у Полацку трэба заплаціць $ 20 млн?», – заўважыў адмысловец.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары