Перамовы ў Менску: тэрарысты пагадзіліся выпусціць частку закладнікаў


Трохбаковая працоўная група па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ўчора ў Менску сустрэлася з прадстаўнікамі сепаратыстаў. Імёны апошніх не паведамляюцца.

Сёння перамоўнікі з боку тэрарыстаў пагадзіліся выпусціць частку закладнікаў. У паведамленні прэс-службы АБСЕ гаворыцца, што бакі падтрымалі абавязальніцтва звольніць значную частку палонных. Экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, які ўваходзіць у працоўную групу, удакладніў агенцтву “Интерфакс”, што вядзецца пра 20 закладнікаў, якія маюць выйсці на волю і гэта будзе першы этап.

У кантактную групу, якая працуе ў Менску, апрача Кучмы, уваходзяць амбасадар Расеі ва Украіне Міхаіл Зурабаў, афіцыйны прадстаўнік дзейнай старшыні АБСЕ ў пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Гайдзі Тальявіні (Heidi Tagliavini). Сустрэчу ў беларускай сталіцы ініцыяваў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Рэшткі малазійскага самалёта, які збілі ў Данецкай вобласці. Фота interfax.ruРэшткі малазійскага самалёта, які збілі ў Данецкай вобласці. Фота interfax.ruДругім важным пытаннем быў допуск міжнароднай місіі да месца катастрофы малазійскага «Boeing’а» ў Данецкай вобласці. Учора эксперты місіі АБСЕ ўжо наведалі месца падзення самалёта, дзе працягваюцца баявыя дзеянні. Разам з імі туды змаглі трапіць чатыры аўстралійскія і галандскія адмыслоўцы. Пра гэта эксперты АБСЕ паведамілі ў «Twitter’ы». Яны паспяхова выканалі заданне і вярнуліся на базу. Такое ж паведамленне пазней распаўсюдзіла і прэс-служба прэзідэнта Украіны.

Чытайце таксама: Тэрарысты збілі пасажырскі самалёт на Данеччыне. 295 ахвяраў, у тым ліку 80 дзяцей

Пасля ўчорашняй сустрэчы ўдзельнікі працоўнай групы запэўнілі, што калідор, які выкарыстала міжнародная місія ў Данецкай вобласці, каб трапіць на месца катастрофы рэйсу МН17, будзе захаваны. Там не будуць весці ваенных дзеянняў. Аднак дапусціць на месца катастрофы ахоўнікаў з міжнароднай мілітарнай місіі тэрарысты не пагадзіліся.

Віцэ-прэм’ер Украіны Уладзімір Гройсман паведаміў на брыфінгу, што вагон з рэчамі загінулых спеаратысты цягам двух дзён маюць перамесціць на тэрыторыю, якую кантралюе ўкраінская армія.

Чарговая сустрэча кантактнай групы з сепаратыстамі плануецца на наступным тыдні.

АК, belsat.eu, паводле bbc.co.uk/ukrainian, БелаПАН, interfax.by

Стужка навінаў