Раней выкладчыкі атрымалі ліст ад камісіі па найме з патрабаваннем пацвердзіць сваю лаяльнасць курсу адміністрацыі ў якасці абавязковай умовы заключэння кантрактаў. Па словах выкладчыкаў, яны звярнуліся да камісіі з просьбай патлумачыць падмену прафесійных крытэраў палітычнымі. У адказ старшыня камісіі Дэвід Полік абвінаваціў сенатараў у падрыве фінансавай стабільнасці ўніверсітэту, не прадставіўшы гэтаму ніякіх доказаў.
Звольненыя педагогі занепакоеныя тым, што органы акадэмічнага самакіравання і прафсаюзных структураў застаюцца без кіраўнікоў. Паводле распаўсюджанай “EHUnion” заявы, “натуральны для навучальнай установы падзел улады і адказнасці змяняецца адміністрацыйнай манаполіяй на ўладу”.
“Перамены ніколі не бываюць лёгкімі, асабліва калі трэба змяніць самога сябе. Але, нягледзячы на цяжкасці, я ўпэўнены, што вынікі працэсу найму ставяць ЕГУ на новую, больш трывалую аснову і рыхтуюць яго да наступнай задачы: забеспячэння нашым студэнтам якаснай адукацыі ў сферы гуманітарных навук”, – кажа бяззменны рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту акадэмік Анатоль Міхайлаў.
Звольненыя супрацоўнікі бачаць у гэткіх паводзінах адміністрацыі небяспечную тэндэнцыю. “ЕГУ канчаткова знішчае парасткі дэмакратыі ў сваіх шэрагах і мае ўсе падставы вяртацца ў Менск ужо сёння. Паколькі ён больш нічым не адрозніваецца ад сярэднестатыстычнай дзяржаўнай беларускай ВНУ”, – зазначыў намеснік старшыні “EHUnion” Канстанцін Ткачоў.
Працэс адбору распачаўся сёлета, калі быў праведзены адкрыты конкурс на заняцце выкладчыцкіх пасадаў на падставе 5-гадовых працоўных дамоваў. Шмат якія выкладчыкі ЕГУ раней працавалі па дамовах аб аказанні паслугаў: гэта была часовая захада, паколькі ўсе чакалі хуткага вяртання ЕГУ на радзіму, а таксама жаданнем шмат якіх выкладчыкаў жыць у Беларусі.
Непразрыстасць працэсу “ўнутранага адбору” і неправамернасць некаторых дзеянняў кіраўніцтва ЕГУ яшчэ ў траўні пацвердзіў кантралёр па акадэмічнай этыцы і працэдурах Літвы. Як цвердзяць прадстаўнікі сенату, замест таго, каб прывесці працэдуры кіравання ўніверсітэтам у адпаведнасць з літоўскім заканадаўствам, адміністрацыя ЕГУ падала на кантралёра ў суд.
Настасся Яўмен, belsat.eu