Бунт у Растове: людзі заблакавалі падазроныя БТР-ы


Жыхары Растову-на-Доне, які недалёка ад мяжы з Украінаю, заблакавалі ў сваім горадзе калону з БТР-аў без апазнавальных знакаў, пішуць відавочцы ў сацсетках.

Вечарам 29 ліпеня падазрэнне растоўцаў выклікалі два БТР-ы, што ехалі без ніякага суправаджэння ды не мелі ніякіх апазнавальных знакаў, рэгістрацыйныя нумары былі зацёртыя. Людзі згадалі, што падобную тэхніку выкарыстоўваюць прарасейскія тэрарысты ва Украіне ды заблакавалі рух БТР-аў уласнымі аўтамабілямі, а пазней выклікалі міліцыю.

Растоўцы стукалі па БТР-ах, але адтуль ніхто не вылез. Вонкі са шчылінаў выляталі толькі шматлікія недакуркі, што дазволіла меркаваць пра значная колькасць пасажыраў ўнутры тэхнікі.

Праз некаторы час на месца інцыдэнту прыбылі міліцыянты. Яны пагутарылі пра нешта з людзьмі, якія былі ўнутры БТР-аў, а пасля атрымалі па рацыі каманду: бронетэхніку не затрымліваць. У выніку міліцыянты суправадзілі БТР-ы на машынах са спецсігналамі да выезду з гораду. Тэхніка паехала ў бок Новашахцінску, што стаіць пры ўкраінскай мяжы, паведамілі відавочцы.

Спробы журналістаў высветліць паходжанне БТР-аў у прэс-службе Упраўлення МУС Расеі па Растоўскай вобласці скончыліся нічым: там адказалі, што гэтае здарэнне не было зафіксавана ў аператыўных зводках міліцыі.

«Нягледзячы на ўсю тэлевізійную прапаганду, да жыхароў Расеі паступова пачынае даходзіць, што іхная краіна вядзе афіцыйна не абвешчаную вайну супраць Украіны, а фактычна можа справакаваць і III Сусветную», – піша by24.org.

МЯ, belsat.eu, паводле by24.org

Глядзі таксама
Каментары