Цяпер Расея паказвае, «што зло можа быць злейшае»


Сустрэча з апазіцыяй, сем’ямі палітвязняў, а пасля – з міністрам замежных справаў Беларусі Уладзімірам Макеем. Гэтак выглядаў сённяшні працоўны дзень у Менску міністра замежных справаў Літвы Лiнаса Лінкявічуса. Апазіцыя нагадала яму пра сямёх палітвязняў, што дагэтуль застаюцца за кратамі, і падала спіс з 13 імёнаў беларускіх суддзяў і сілавікоў, якія парушалі правы грамадзянаў падчас апошняй выбарчай кампаніі.

ПАВЕЛ СЕВЯРЫНЕЦ, СТАРШЫНЯ БХД: “Нашыя прапановы: тыя, хто парушае правы чалавека, тыя, хто ажыццяўляе сістэмныя рэпрэсіі, не маюць выязджаць на тэрыторыю Еўразвязу і не павінны там мець маёмасці. Калі не можаш трымацца дэмакратычных стандартаў тут, у Беларусі, то не маеш чаго рабіць у Еўропе”.

У Бруселі гэты спіс разгледзяць толькі ў кастрычніку. Аднак цяпер, калі афіцыйны Менск асцярожна спрабуе наладзіць дачыненні з Еўразвязам, увядзенне дадатковых санкцыяў малаверагоднае, мяркуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

РАМАН ЯКАЎЛЕЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК: “Мы бачым іншы кірунак – на скасаванне гэтага спісу. І… чаму гэта літоўскаму боку [перадалі спіс] – як прадстаўніку Еўразвязу? Дык літоўскі бок, я ўпэўнены, адкажа, што не ўсё ад Вільні залежыць, а ад Бруселю”.

Магчыма, што гэтак спадар Лінкявічус і адказаў падчас закрытай для журналістаў сустрэчы. Сам жа візіт стаў адказам на лютаўскую паездку Уладзіміра Макея ў Вільню. Міністр прыехаў туды абмеркаваць вяртанне Менску да больш актыўнага ўдзелу ў праграме “Усходняга партнёрства” і пытанне пра адкрыццё бязвізавай 50-кіламетровай памежнай зоны паміж краінамі. Падобныя тэмы былі і на парадку дня пазаўчорашніх сустрэчаў Макея ў Бруселі, і, відавочна, айчынныя апазіцыйныя сілы не ў захапленні ад праяваў гэткай актыўнасці.

УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ, ЛІДАР КАМПАНІІ «ГАВАРЫ ПРАЎДУ!»: “На жаль, прынцыпова новых прапановаў ні з боку Еўразвязу, ні з боку беларускай дэмакратычнай апазіцыі, ні з боку ўладаў, трансляваных, так бы мовіць, праз тое, што казаў міністр замежных справаў Літвы, сёння не прагучала”.

На лютаўскай сустрэчы міністраў замежных справаў абмяркоўвалі між іншага падрыхтоўку чарговага беларуска-літоўскага эканамічнага форуму. Ці адновіцца менска-брусельскі дыялог гэтым разам? Галоўная ўмова Еўразвязу вядомая ўсім: вызваленне палітвязняў. Але і ўлады Беларусі маюць свае ўмовы.

РАМАН ЯКАЎЛЕЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК: “Для беларускага боку, галоўным пытаннем безумоўна з’яўляецца візавы [рэжым], але маецца на ўвазе, што беларускі бок настойвае на скасаванні санкцыйнага спісу на чале з Лукашэнкам”.

Але ўдзельнікі сустрэчы ўсведамляюць, цяпер увага Вільні, ды і ўсёй Еўропы, засяроджаная на сітуацыі ва Украіне. Таму беларускае пытанне адышло на другі, а то і на трэці план.

ВІНЦУК ВЯЧОРКА, ГРАМАДСКІ ДЗЕЯЧ: “Шкала ацэнкі рэжымаў цяпер змянілася. Калі раней, тое, што творыцца ў нас лукашэнкаўскім рэжымам, было ўвасабленнем максімальнага зла, то цяпер суседняя Расея паказвае, што зло можа быць і злейшае”.

Аднак нават драматычныя падзеі ва Украіне, ды ўсё больш агрэсіўная палітыка Расеі не адмяняюць таго факту, што ў нашай краіне дагэтуль за кратамі за свае палітычныя перакананні застаюцца сем чалавек.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары