«Калі апазіцыя не вызначыцца з адзіным кандыдатам, народ проста пракляне яе»


Беларускаму народу патрэбен адзін кандыдат ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах, інакш народ не зразумее апазіцыю, выказаўся адзін з лідараў руху хрысціянскіх дэмакратаў Павел Севярынец.

«Калі будуць два-тры кандыдаты ад апазіцыі – праблемы, у першую чаргу, будуць у саміх кандыдатаў. Калі будзе двое ці трое кандыдатаў, калі ў іх будуць розныя пазіцыі, беларускі народ проста пракляне такую ​​апазіцыю», – заўважыў агенцтву «Интерфакс-Запад» апазіцыйны дзеяч.

Свой пункт гледжання Павел Севярынец растлумачыў наступным чынам: «Адзін выступае за дыялог з уладамі, другі – за санкцыі, трэці – за байкот. Адразу пачнецца раскол, разброд і гэтак далей. А на выбарах 2015 патрэбен адзін кандыдат, з адзінай пазіцыяй».

Цяпер перад беларусамі паўстала шмат розных выклікаў, сярод якіх, праблемы з эканомікай, ваенныя дзеянні ва Украіне, пагроза з боку Расеі і г.д. Таму з боку апазіцыі важны адзіны, узгоднены і выразна сфармуляваны адказ на гэтыя выклікі, лічыць апазіцыянер.



Вылучэнне некалькіх кандыдатаў вырашае, хутчэй, нейкія карпаратыўныя інтарэсы, групаў, партыяў, асобаў, але не ўсёй Беларусі, мяркуе палітык.

На думку Севярынца, у якасці адзінага кандыдата ад апазіцыі можа быць вылучаны практычна любы з вядомых апазіцыянераў, за выключэннем лідара Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна, бо той, выказваючыся пра падзеі ва Украіне, шмат у чым падтрымаў Расею.

«І Някляеў, і Лябедзька, і Лагвінец, і Фядыніч, і Статкевіч, які, як Нэльсан Мандэла ў свой час, знаходзячыся ў турме, удзельнічаў у прэзідэнцкай кампаніі, для мяне прымальныя. Я лічу, што кожны з іх можа быць адзіным кандыдатам», – падкрэсліў хрысціянскі дэмакрат.

Ці атрымаецца з яго пераможца Лукашэнкі – гэта іншае пытанне, заўважыў Севярынец.

Працэс перамоваў наконт адзінага кандыдата ад апазіцыі затармазіўся, падкрэсліў палітык, але кансультацыі ўсцяж трываюць.

belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў