«Ментальна і каштоўнасна мы іншыя людзі». Чаму Майдан перамог, а беларусам не ўдалася рэвалюцыя


Дзесяць гадоў таму, 21 лістапада 2013-га, у цэнтры Кіева на Майдане незалежнасці пачаліся пратэсты, якія прывялі да змены палітычнай улады ва Украіне. Лідарка ініцыятывы «Еўрамайдан-Варшава» Наталля Панчанка ўпэўненая, што ўсё было недарэмна, бо гэтыя падзеі прывялі краіну да незалежнасці, нават улічваючы той факт, што барацьба за яе трывае і сёння.

Цалкам размову глядзіце тут:

«Нам даводзіцца паміраць за еўрапейскія каштоўнасці, нам даводзіцца паміраць за дэмакратыю, але гэта быў наш свядомы выбар. Тая вайна, якая цягнецца ўжо дзявяты год, – гэта вайна не паміж дзвюма краінамі, Расеяй і Украінаю, гэта вайна каштоўнасцяў, гэта вайна двух рэжымаў: дэмакратычнага і аўтакратычнага. І яшчэ тады, на Рэвалюцыі годнасці, дзесяць гадоў таму, Украіна як дзяржава і ўсе мы, украінцы, зрабілі свядомы выбар», – апавядае Наталля Панчанка.

На думку лідаркі ініцыятывы «Еўрамайдан-Варшава», параўноўваць пратэсты ў Беларусі з пратэстамі ва Украіне не варта, бо ўкраінцы за трыццаць гадоў сваёй незалежнасці мелі шасцёх прэзідэнтаў, а беларусы – толькі аднаго. Такая ж сітуацыя і ў Расеі.

«Калі ж быў задзеяны сілавы сцэнар, сцэнар, які, на жаль, да гэтай пары спрацоўвае ў Беларусі і Расеі, калі рэжым Януковіча пачаў проста закідваць людзей у аўтазакі, калі яны пачалі біць нас, усіх тых, хто быў на майдане, бітамі, калі на нас выгналі “Беркут” – гэта той сцэнар, які ўвесь час быў спланаваны і працаваў паспяхова ў Беларусі і ў Расеі. І калі яго выкарысталі тады ва Украіне, разлічваючы, што мы будзем мець тую сама рэакцыю, яны памыліліся», – згадвае актывістка падзеі дзесяцігадовай даўніны.

Наталля ўпэўненая, што ў гэтай сітуацыі спрацавалі адрозненні ўкраінцаў ад народаў суседніх краінаў. Яны ў той момант пастанавілі паміраць за сваю свабоду. «Ментальна і каштоўнасна мы іншыя людзі», – адзначае яна пра адрозненні ўкраінцаў, беларусаў і расейцаў. Калі людзі абіраюць жыць у камфорце, то яны прайграюць:

«Выйграць барацьбу без стратаў немагчыма. Гэта трэба разумець і супраць страху, супраць таго, што было вельмі шмат “не”, мы ўсё ж пераступаем праз сябе кожны раз».

Згадвае Наталля і беларусаў, якія паміралі і працягваюць паміраць за Украіну, у прыватнасці Міхаіла Жызнеўскага, які адзін з першых быў забіты на Майдане, і называе іх прыкладам для ўсёй нацыі, прыкладам таго, што яны зрабілі свой выбар у кірунку дэмакратыі.

«Мне здаецца, гэта нашыя героі, як украінцаў, безумоўна, але гэта і вашыя героі, якія для мяне асабіста ёсць вялікаю надзеяй і вераю ў тое, што Беларусь абавязкова будзе незалежнаю», – падсумоўвае лідарка ініцыятывы «Еўрамайдан-Варшава».

Здымак вокладкі: скрыншот Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў