У Беларусі пачнуць выпускаць расейскія лёгкія самалёты і кітайскія аўтамабілі «хутчэй бізнес-класу»


Віцэ-прэм’ер Пётр Пархомчык у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу ОНТ распавёў пра планы пачаць збіраць у Беларусі расейскія лёгкія самалёты ЛМС-901 і кітайскія кросоўвэры «хутчэй такога бізнес-класу».

Самалёт ЛМС-901.
Фота: Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі / aex.ru

Пагадненне аб вытворчасці ў Беларусі расейскіх самалётаў было падпісанае падчас візіту кіраўніка ўраду Рамана Галоўчанкі ў Екацярынбург у ліпені. Як паведаміў віцэ-прэм’ер Пётр Пархомчык, для таго каб пачаць выпуск, «патрабуецца будаўніцтва дадатковых вытворчых магутнасцяў».

«Мы плануем вырабляць у сябе лёгкі 12-мясцовы самалёт ЛМС-401, атрымаць для гэтага ўсе кампетэнцыі, мы на этапе распрацоўвання доследна-канструктарскіх работаў – нашыя спецыялісты будуць распрацоўваць, а потым ужо вырабляць», – заявіў чыноўнік.

Нягледзячы на тое, што самалёт расейскі, Пархомчык лічыць яго «сваім»:

«Хопіць ужо рамантаваць, час лятаць на сваіх самалётах».

ЛМС-401 распрацоўваюць у Расеі з 2019 года. Гэтая тэхніка мусіць замяніць Ан-2. Пакуль гатовыя толькі доследныя ўзоры. Першы палёт адбыўся ў студзені летась. Серыйную вытворчасць плануюць распачаць налета на Уральскім заводзе цывільнай авіяцыі.

Аналітыка
Тупік на Шаўковым шляху? Беларуска-кітайскі «Вялікі камень» спыняецца ў сваім развіцці
2023.08.18 08:00

Пётр Пархомчык таксама анансаваў зборку ў Беларусі аўтамабіляў яшчэ аднаго кітайскага брэнду. Гэтая кампанія ўжо прывезла два кросоўвэры на сертыфікацыю.

«Гэтыя машыны не будуць перасякацца з прадукцыяй «БелДжы». Гэтыя кросоўвэры хутчэй такога бізнес-класу, даражэйшыя. Найбліжэйшым часам мы мусім іх сертыфікаваць. З верасня да нас паступаюць машынакамплекты для вытворчасці», – паведаміў намеснік прэм’ер-міністра.

Зборку наладзяць на заводзе «Юнісон» пад Менскам, «які доўгі час быў у чаканні працы», сказаў чыноўнік.

Назвы гэтага кітайскага брэнду ён не раскрыў.

Hавiны
У Беларусі будуць вырабляць аўтамабіль пад уласным брэндам
2023.05.17 18:01

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў