Пры ператрусе ксяндзоў білі, застаўся сіняк. Што вядома пра рэйд у менскую архікатэдру


Рэпрэсіі сілавікоў супраць каталікоў выходзяць на новы ўзровень. Цяпер у іх не толькі забіраюць касцёлы ды асуджаюць вернікаў і святароў на содні, але і проста збіваюць ксяндзоў. Ні святарскі стан, ні спробы Менску наладзіць стасункі з Ватыканам не спыняюць сілавікоў ад гвалту.

Архікатэдральны касцёл Панны Марыі. Менск, Беларусь. 3 студзеня 2021 года.
Фота: Белсат

Паводле групы «Хрысціянская візія», станам на 21 ліпеня ў Беларусі вядома пра палітычны пераслед з 2020 года 55 хрысціянскіх служыцеляў. Найбольшую групу сярод іх складаюць каталіцкія святары заходняга і ўсходняга абрадаў – агулам 23 асобы, якіх пераследавалі за пратэст супраць гвалту, фальсіфікацыяў і вайны ва Украіне. Шэраг святароў трапілі пад штрафы ды арышты і былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Таксама з верасня 2022 года вернікам і святарам забаронены ўваход у самы знакаміты касцёл Менску – Чырвоны касцёл.

Але падзея апошніх дзён выбіваецца нават з гэтага рэпрэсіўнага шэрагу. Як паведаміла «Хрысціянская візія», 13–14 ліпеня ў плябаніі менскага архікатэдральнага касцёлу Найсвяцейшага Імя Найсвяцейшай Панны Марыі сілавікі зладзілі ператрус. Падрабязнасці і падставы на гэта не агучваліся.

Паводле ж крыніцаў «Белсату», у будынку наўпрост збівалі святароў, якія там былі ў момант прыходу сілавікоў. У аднаго з іх ад гэтага нават застаўся сіняк на твары.

Ранейшыя атакі на архікатэдру

Гэта не першы прыход сілавікоў у менскую архікатэдру. Роўна два гады таму, 4 ліпеня 2021-га, туды ўжо прыходзілі міліцыянты праз тое, што ў касцёле спявалі беларускі рэлігійны гімн «Магутны Божа». Але тады абышлося без збіцця.

Аналітыка
Дайце грошай цяпер, а мы падумаем пасля. Як улады Беларусі надумалі зарабіць на каталіках
2023.03.14 07:00

Таксама ў траўні 2021 года невядомыя напалі на будынак Курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, злучаны з архікатэдральным касцёлам. Тады ў дзверы кідалі бетонным вазонам для кветак. Быў пашкоджаны ўваход, пабіты дамафон, а таксама прыпаркаваны побач аўтамабіль пробашча касцёлу ксяндза Антонія Клімантовіча. Па аўтамабілі білі цаглінамі, раструшчылі лабавое шкло. Тады вінаватых не знайшлі, хоць у тым самым двары месціцца галоўны офіс ГУБАЗіКу. 

На гэты раз прычыны прыходу сілавікоў невядомыя. Але ціск на галоўны касцёл Менску не спыняецца ўжо другі месяц.

Ціск на катэхізатара і пробашча

31 траўня стала вядома, што сілавікі затрымалі былога семінарыста Уладзіслава Беладзеда, які працаваў катэхізатарам у архікатэдры. За распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» яго адправілі на содні. З вязніцы ён дасюль не выйшаў. Цяпер ён у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Таксама ў чэрвені ў прапагандысцкіх каналах з’явіліся матэрыялы супраць пробашча менскай архікатэдры ксяндза Антонія Клімантовіча. Апроч «няправільных» палітычных поглядаў і зліваў «Матольку і «Байполу», яго вінавацілі ў любові да палявання. Хоць, як заўважае выданне Katolik.life, такое захапленне святара ніяк не парушае кананічнага права. А сілавікі проста «пастанавілі падтасаваць факты і распаўсюдзіць маніпулятыўную публікацыю, каб аказаць ціск на Касцёл з мэтаю змясціць святара з пасады».

Ксёндз Антоній Клімантовіч.
Фота: catholic.by

Тым не менш, 6 ліпеня стала вядома, што ксяндза Клімантовіча знялі з пасады пробашча архікатэдральнай парафіі ды перавялі ў касцёл у Заслаўі. Галоўны касцёл у Менску ён узначальваў з 2003 года, а таксама ў 1997–2000 гадах. Прычыны пераводу ніяк не тлумачыліся.

«З аднаго боку, такая адстаўка ўкладваецца ў трэк ціску рэжыму на Касцёл з мэтаю пазбавіцца ад непрыемных для ўладаў асобаў на ключавых пасадах. З іншага боку, перавод святароў з аднаго прыходу на іншы – распаўсюджаная практыка», – пісала «Хрысціянская візія».

Супраца і канструктыўны дыялог?

Варта адзначыць, што новы ціск на каталікоў у Беларусі адбываецца неўзабаве пасля візіту ў Менск спецпасланніка Папы Рымскага ў нашую краіны арцыбіскупа Кляўд’ё Гуджэроцці. Ён наведваў Беларусь з 28 чэрвеня да 2 ліпеня і, апроч удзелу ў рэлігійных падзеях, актыўна сустракаўся з прадстаўнікамі лукашэнкаўскага рэжыму. У прыватнасці, з міністрам замежных справаў Сяргеем Алейнікам, упаўнаважаным у справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Аляксандрам Румакам і старшынёі Менскага аблвыканкаму Аляксандрам Турчынам.

Паводле афіцыйных паведамленняў, на сустрэчах абмяркоўвалася супраца Беларусі з Ватыканам у шматбаковых фарматах, двухбаковыя стасункі і кантакты на розных узроўнях, была «пацверджаная ўзаемная нацэленасць на далейшае развіццё беларуска-ватыканскай супрацы, а таксама ўмацаванне міжканфесійнага дыялогу, міру і згоды».

Таксама «адбыўся абмен думкамі адносна шэрагу надзённых пытанняў жыцця і дзейнасці каталіцкай супольнасці ў Беларусі, а таксама магчымасці паляпшэння ўзаемадзеяння паміж Касцёлам і дзяржавай, у тым ліку ў сферы сацыяльнага служэння». Сайт Каталіцкага касцёлу хоць і прызнаў тады «пэўныя адрозненні ў поглядах і падыходах», але запэўніў, што «размова атрымалася змястоўнай і канструктыўнаю».

Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік сустрэўся з спецпасланнікам Папы Рымскага арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці.
Фота: mfa.gov.by

Паводле крыніцаў «Белсату», тым візітам Ватыкан імкнуўся дамагчыся саступак – вярнуць Чырвоны касцёл або вызваліць хаця б некалькі палітычных вязняў. Але замест гэтага на саступкі пайшоў Каталіцкі касцёл, у прыватнасці ў пытанні адстаўкі пробашча архікатэдры Клімантовіча, а рэпрэсіі ў дачыненні каталікоў у Беларусі толькі ўзмацніліся.

Пляваць на Ватыкан і мачыць усіх

Мадэратарка «Хрысціянскай візіі» Наталля Васілевіч, каментуючы «Белсату» апошнія здарэнні, заявіла, што «сіла выходзіць з-пад кантролю».

«Гэта ўжо некантраляваны гвалт. Гэта не рэакцыя на візіт Гуджэроцці. Гэта, хутчэй, не зважаючы на візіт Гуджэроцці і на ранейшыя спробы сябраваць з Ватыканам. Відаць, гэтае сяброўства не пайшло, нічога з яго не выйшла. Улады пляваць хацелі на Ватыкан, і цяпер у іх няма ніякага стрымлівальнага фактару, каб ажыццяўляць масавыя рэпрэсіі супраць каталіцкіх ксяндзоў і супольнасцяў», – сказала яна.

На думку Васілевіч, гэта ўжо было заўважана па сітуацыі з закрыццём Чырвонага касцёлу і «ў цэлым па атмасферы страху і паклёпаў супраць каталіцкіх святароў».

«Гэта ўсё ўкладаецца ў агульную логіку мачыць усіх, не разбіраючы. Каб усе баяліся. Каб выбіць з галоваў усе думкі пра нейкую незалежнасць, самастойнасць Касцёлу. Проста выбіваюць з галавы нелаяльнасць такімі сілавымі метадамі», – мяркуе экспертка.

Гэта, паводле суразмоўцы, сведчыць пра тое, што ўлады змянілі свой вектар, ім больш непатрэбнае пасярэдніцтва Ватыкану – «відаць, пасярэдніцтва ПВК Вагнэра ім падаецца больш актуальным».

Рэпрэсіі будуць працягвацца

Тым часам самыя каталіцкія вернікі не чакаюць змяншэння рэпрэсіяў супраць Касцёлу ў Беларусі.

«Касцёл ціснуць і будуць ціснуць да канца. Але гэта нашае касцельнае, хрысціянскае пакліканне. У дачыненні хрысціянаў так заўсёды было», – апавёў «Белсату» адзін з вернікаў.

Пры гэтым ён адзначыў, што сітуацыю ў Беларусі цяпер часта параўноўваюць з рэпрэсіямі ў Польшчы ў 1980-я гады ў часы пераследу «Салідарнасці». Але, падкрэсліў суразмоўца, калі ў Польшчы людзі незалежна ад сваіх рэлігійных поглядаў лічылі Касцёл аплотам свабоды, у Беларусі людзі не гуртуюцца вакол яго, пераважна не ўспрымаюць яго такім, што таксама пагаршае яго становішча ў краіне.

Аналітыка
Будуць адбіраць Бібліі і Караны? У Беларусі рыхтуюць рэпрэсіўны закон аб рэлігіі
2023.06.16 14:24

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў