«Парушана норма заканадаўства наконт малітвы». У нядзелю ў менскую катэдру прыйшла міліцыя


Супрацоўнікі міліцыі завіталі ў менскі архікатэдральны касцёл імя Найсвяцейшай Панны Марыі пасля выканання там гімну «Магутны Божа» падчас Імшы 4 ліпеня. Пра гэта паведаміў у сябе ў Фэйсбуку біскуп Юры Касабуцкі.

«Калі малітва мае сілу, д’ябал будзе змагацца з ёй усімі сіламі»

«У мінулую нядзелю, 4 ліпеня, у нашу менскую архікатэдру прыйшлі супрацоўнікі міліцыі з прэтэнзіяй, што парушана нейкая там норма заканадаўства наконт малітвы «Магутны Божа». Што канкрэтна, яны не разумелі самі», – напісаў на сваёй старонцы каталіцкі іерарх.

Юры Касабуцкі распавёў пра гісторыю гімну «Магутны Божа» і паспрабаваў разабрацца, чым жа гэты спеў так не падабаецца ўладам:

«Дык што ж не так з нашым любімым рэлігійным гімнам?

Гімн «Магутны Божа» быў напісаны ў 1943 годзе Наталляй Арсенневай. У 1947 годзе кампазітар Мікалай Равенскі напісаў музыку да гэтага вершу. Гімн стаў малітвай пасляваеннай беларускай эміграцыі.

У 1993 годзе спецыяльная камісія Вярхоўнага Савету прапанавала нават зрабіць гэты гімн дзяржаўным гімнам Беларусі.

На сённяшні дзень гэты гімн стаў малітвай, якая выкарыстоўваецца ў набажэнствах каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў, а таксама апошнім часам гэты гімн спяваюць людзі, якія не атаясамліваюць сябе з ніякай рэлігіяй.

Гімн «Магутны Божа» гэта перш за ўсё малітва за нашу бацькаўшчыну і за наш народ.

Кожная малітва нясе ў сабе неверагодную сілу і здольная зрабіць нават вялікія цуды. Калі ж пэўная малітва мае вялікую моц, то і д’ябал будзе змагацца з ёй з найбольшай сілай і рабіць шматлікія перашкоды, каб людзі гэту малітву не ўжывалі…

Чаму мы не можам спяваць «Магутны Божа»? Пытанне рытарычнае…».

«Глядзіце, нарвяцеся»

Улады прапанавалі прадстаўнікам усіх канфесіяў правесці 3 ліпеня малітву за Беларусь. У адказ курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі заклікала выканаць у гэты дзень пасля Імшы «Магутны Божа» і «прасіць Усемагутнага Бога, каб захаваў нас і наш край ад усяго злога».

Напярэдадні 3 ліпеня Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што тыя, хто заспяваюць «Магутны Божа», «нарвуцца».

«Цяпер вы бачыце: яны хочуць павярнуць гісторыю назад, рэабілітаваць сваіх дзядоў і прадзедаў і завяршыць імі пачатую справу. Таму выйшлі разбураць суверэнную дзяржаву. Гэта неймаверна: да сакральных месцаў нашай дзяржаўнасці яны рушылі пад сцягамі фашысцкіх наймітаў-паліцаяў. І апошні час нашы сродкі масавай інфармацыі ўсё больш распаўсюджваюць факты аб тым, што ў касцёлах хочуць памаліцца пад «Магутны Божа». Глядзіце, нарвяцеся», – казаў Лукашэнка.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў