У гульні «FIFA 23» не будзе расейскай зборнай і клубаў


Распрацоўнік і выдавец відэагульняў, кампанія «Electronic Arts» (EA) заявіла, што ў новай камп’ютарнай гульні «FIFA 23» не будзе расейскіх клубаў і зборнай РФ, паведамляе партал «Eurogamer».

Крыніца: charlieintel.com

«Паводле дамоўленасці з нашымі партнёрамі ў FIFA і UEFA, «EA Sports» не стане ўключаць зборную Расеі або расейскія клубы ў «FIFA 23», – сказалі ў EA.

Пасля пачатку вайны EA абвясціла прыпыненне продажаў сваіх гульняў у Расеі, у тым ліку выдаліла расейскія клубы, зборную і розную атрыбутыку з «FIFA 22», а таксама забараніла расейцам удзельнічаць у турнірах «FIFA» і «Apex Legends».

«EA Sports» салідарная з украінскім народам і, як і многія галасы ў футбольным свеце, заклікае да міру і спынення ўварвання ва Украіну», – заявілі ў кампаніі.

20 ліпеня «Electronic Arts» афіцыйна прадставіла «FIFA 23» – апошнюю гульню ў серыі, якой займаецца выдавец. У новай версіі будуць Чэмпіянат свету 2022 у Катары і жаночы Сусветны кубак 2023 у Аўстраліі і Новай Зеландыі. Гульня выйдзе 30 верасня. Гэтая частка стане апошняй, бо EA абвясціла, што пагадненне з Міжнароднай футбольнай асацыяцыяй завяршаецца.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў