У Белгарадзе ўпаў ладунак з расейскага вайсковага самалёта Су-34


Магутны выбух прагрымеў у расейскім Белгарадзе ўвечары 20 красавіка. Пазней Міністэрства абароны Расеі патлумачыла інцыдэнт «няштатным сходам авіяцыйнага ладунку». У выніку выбуху на скрыжаванні дзвюх вуліцаў утварылася варонка радыусам 20 метраў.

Наступствы выбуху ў Белгарадзе.
Фота: vvgladkov / Telegram

«20 красавіка пры выкананні палёту самалёта Су-34 ПКС над горадам Белгарад адбыўся няштатны сход авіяцыйнага ладунку. У выніку ёсць пашкоджанні жылых пабудоваў, ахвяраў няма», – гаворыцца ў паведамленні Міністэрства абароны РФ.

Губернатар Вячаслаў Гладкоў расказаў, што пасля выбуху ў Белгарадзе пашкоджанні знайшлі ў чатырох кватэрах шматкватэрнага дому на вуліцы Шаландзіна, два чалавекі атрымалі раненні. Таксама пашкоджаныя мінімум чатыры аўтамабілі.

«Жанчына з чэрапна-мазгавой траўмай у стане сярэдняй ступені цяжкасці дастаўленая ў гарадскі шпіталь № 2. Другая жанчына з драпінамі ад шпіталізацыі адмовілася, уся неабходная медычная дапамога нададзеная на месцы», – напісаў Гладкоў.

Адзін з аўтамабіляў выбуховай хваляй закінула на дах суседняга супермаркету. Удзень ратаўнікі змаглі яго зняць.

Наступствы выбуху ў Белгарадзе.
Фота: rian_ru / Telegram



Пазней Гладкоў паведаміў, што колькасць пацярпелых пры выбуху павялічылася да трох, двое з іх шпіталізаваныя.

«Цяпер самае галоўнае – правесці будаўнічае абследаванне апорных канструкцыяў гэтага дому і падрыхтаваць праектна-каштарысную дакументацыю, каб як мага хутчэй прыступіць да рэстаўрацыйных работаў. Гэтыя задачы пастаўленыя і стаяць на кантролі», – сказаў губернатар.

Наступствы выбуху ў Белгарадзе. Варонка на месцы выбуху.
Фота: vvgladkov / Telegram
Наступствы выбуху ў Белгарадзе. Пашкоджаны дом.
Фота: vvgladkov / Telegram

Па факце надзвычайнага здарэння пачалі расследаванне.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў