Беларуская эканоміка панясе страты праз санкцыі супраць Расеі


У Масквы будзе менш магчымасцяў аказваць фінансавую падтрымку нашай краіне.

Санкцыі ў дачыненні да Расеі прывялі да адтоку капіталу і зніжэння тэмпаў эканамічнага росту ў суседняй краіне, што паўплывае і на эканоміку Беларусі. Такое меркаванне выказала эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра Кацярына Барнукова.

«Адток капіталу азначае, што ў Расіі будзе менш магчымасцяў аказваць фінансавую падтрымку нашай краіне», – прагназуе эксперт.

Як адзначыла эканаміст, «Беларусь пастаўляе ў Расею інвестыцыйныя тавары (у прыватнасці прадукцыю машынабудавання), і ў сітуацыі нявызначанасці, якая склалася сёння ў Расеі, попыт на такія тавары зніжаецца. Адпаведна, гэты кірунак нашага экспарту становіцца ўразлівым».

Паводле прагнозу Мінэканамразвіцця РФ, адток капіталу ў сувязі з санкцыямі Захаду можа скласці ў 2014 годзе 90 млрд. долараў ЗША.

На мінулым тыдні ЗША ўвялі дадатковыя санкцыі ў дачыненні да Расеі ў сувязі з сітуацыяй вакол Украіны. Пад санкцыі трапілі буйныя расейскія кампаніі – «Раснафта», «Газпромбанк», «Знешэканамбанк».

Пасля збіцця прарасейскімі тэрарыстамі над тэрыторыяй Украіны самалёту малазійскіх авіяліній, лідары Захаду заклікалі да новых больш жорсткіх санкцый. У прыватнасці, брытанскі прэм’ер-міністр прапанаваў увесці забарону на экспарт расейскіх узбраенняў у краіны ЕЗ.

ДР, belsat.eu паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары