Украінская спявачка на «Славянскім базары» выступіла ў колерах нацыянальнага сцяга (фотафакт)


Прайшоў першы дзень фіналу XXIII Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2014». Спевакі мелі выступіць з песняю славянскага кампазітара на славянскай мове.

Прадстаўніца Украіны Вераніка Дораш, якая выйшла на сцэну ў сукенцы колераў нацыянальнага сцяга, заняла 3-яе месца, атрымаўшы 89 балаў. Дзяўчына выканала ўласную песню, але пасля яе экспромтам праспявала радкі з гіта ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы»«Усё будзе добра ў кожнага з нас! Усё будзе добра – прыйдзе наш час!». Беларускія вядоўцы, відавочна, не былі гатовыя да такога павароту падзеяў, затое публіка прыняла выступ украінкі на ўра, падкрэсліла segodnya.ua.

Лідарам конкурсу стаў спявак з Мексікі Радрыга дэ ля Кадэна (Rodrigo de la Cadena), які набраў 95 балаў, выканаўшы песню на расейскай мове «Калінка». За ім быў прадстаўнік Малдовы Віталье Нэгруца (Vitalie Negruţa), якому журы дало 90 балаў.

Беларускі выканаўца Артур Міхайлаў ды ізраільская спявачка Дзіяна Голбі набралі па 88 пунктаў. Прадстаўнік Расеі Злат змог атрымаць толькі 80 балаў, што наўрад дазволіць яму наблізіцца да лідараў.

13 ліпеня адбудзецца другі фінальны канцэрт, на якім трэба выканаць сусветны гіт. Сёлета ўладальнік гран-пры конкурсу атрымае грашовы прыз памерам $ 20 тыс., першай прэміі – $ 15 тыс., другой – $ 10 тыс., трэцяй – $ 5 тыс.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН, segodnya.ua, news.vitebsk.cc

Глядзі таксама
Каментары