Як камера «Белсату» дапамагла ліквідаваць чаргу каля ДАІ


https://youtu.be/ZK0aGxfuhpg
Пераклічка са спісам у руках і начоўкі ў чарзе – гэткую сцэну ў Беларусі можна назіраць не толькі каля абменнікаў у часы дэфіцыту замежнай валюты. Але і, напрыклад, пад сценамі Міжраённага экзаменацыйнага аддзелу аўтаінспекцыі ў Менску. Як сцвярджаюць удзельнікі пераклічкі – штодня.

“Вось ужо восем гадзін – сто чалавек набегла”.
“У мінулую суботу я прыходзіў – перад абедам, я пляцоўку праходзіў восемдзесят шосты”.
“Адна машына за гадзіну два разы з’ездзіць, гэта восем чалавек максімум праходзіць. Таму і чэргі: людзі не паспяваюць праходзіць”.

{movie}У чарзе па правы|right|17422{/movie}

Людзі ў чарзе – ахвотнікі атрымаць правы кіроўцы, якія не здалі экзамен з першага разу. Запісацца на пераздачу можна і ў ДАІ, але толькі тыдні за паўтара-два. Тыя, хто чакаць столькі не можа або не хоча, займаюць жывую чаргу і пільнуюць моманту ўціснуцца паміж планавымі здачамі з аўташколаў або чаргі афіцыйнай. Хто ўціснуцца не здолеў – займае наступным разам чаргу наноў. Замкнёнае кола паспрабавалі разарваць… журналісты: у шэрагу медыяў напярэдадні з’явіліся адмысловыя матэрыялы. Часам – даволі рэзкія.

TUT.BY:

“Застаецца паставіць намёты і жыць тут. Некаторыя гэтак і робяць. У Менску будучыя кіроўцы начуюць у чарзе, каб здаць кіраванне ў ДАІ”.

Сёння а восьмай гадзіне раніцы здымачная група “Аб’ектыву” зафіксавала ля ДАІ чаргу і спіс са 110 чалавек. Неўзабаве, аднак, здзіўленых пераздавальнікаў масава рассадзілі ў аўтамабілі. Як патлумачыў адзін з удзельнікаў чаргі, цудоўнаму яе знікненню паспрыяла нашая камера. У аўтаінспекцыі ж упэўненыя: праблема раздзьмутая на пустым месцы!

ДЗМІТРЫЙ САВОШЧАНКА, НАЧАЛЬНІК ЭКЗАМЕНАЦЫЙНАГА АДДЗЕЛУ ДАІ:
“Найперш прымаюцца планавыя групы з аўташколаў. Таксама ў нас існуе папярэдні запіс, то бок людзі, якія прыходзяць і запісваюцца на пэўны дзень і на канкрэтны час, каб не стаяць у чарзе – таксама ідуць найперш. А затым ужо, калі застаецца час, гэта пасля абеду, то тады прымаем і па жывой чарзе. Зразумела, што ўсе гэтыя людзі прыходзяць зранку, калі прымаюцца планавыя групы і папярэдні запіс, а іх мы пачынаем прымаць цягам дня, збольшага – пасля абеду. Яны там стаяць і чакаюць. Але да канца працоўнага дня анікога не застаецца”.

Папярэдні запіс, дарэчы, адбываецца толькі асабіста. Па тэлефоне і праз інтэрнэт інспектары не працуюць – з іхных словаў, каб пазбегнуць махлярства і гандлю месцамі ў чарзе. Вось толькі б, каб чакаць не два тыдні ды пераздаваць не на старэнькай “Ладзе”… Але стварэнне дадатковых экзаменацыйных аддзелаў і абнаўленне аўтапарку, кажуць у ДАІ, – гэта пытанне не да іх, а, хутчэй, да сталічных уладаў. Пакуль жа працуюць з тым, што маюць.

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары