Ратавальнікам і вайскоўцам забаранілі атрымліваць карту паляка


За выключэннем жаўнераў тэрміновай службы.

Гэтая норма ўтрымліваецца ў законе «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь у пытаннях праходжання вайсковай службы», які некалькі дзён таму ўступіў у дзеянне.

У адпаведнасці з законам «Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь у пытаннях праходжання вайсковай службы», тэкст якога сёння апублікавалі на Нацыянальным прававым партале, «працаўнікам органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях забараняецца атрыманне ад замежных дзяржаваў дакументаў, якія даюць права на льготы ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнаю прыналежнасцю», – гаворыцца ў законе. Пад гэтую забарону не трапляюць жаўнеры тэрміновай службы.

Сёлета прынялі заканадаўчыя папраўкі, якія таксама забараняюць карыстацца картаю паляка працаўнікам МУС, дэпутатам і чыноўнікам.

У 2007 годзе парламент Польшчы прыняў закон «Аб карце паляка». Гэты дакумент пацвярджае прыналежнасць этнічных палякаў, якія жывуць у СНД і Прыбалтыцы, да польскага народу і дае ім ільготы ў афармленні візаў пры наведванні Польшчы, а таксама спрашчае працэдуру працаўладкавання і навучання ў Польшчы. Улады Беларусі неаднаразова крытыкавалі практыку распаўсюду карты паляка, абвінавачваючы Польшчу ў парушэнні міжнароднага права.

ЮВ паводле «Іnterfax.by»

Стужка навінаў