Інфляцыя без росту


Інфляцыя ў найбліжэйшыя месяцы працягне разганяцца. Да такой высновы прыйшлі эканамісты па выніках дыскусіі экспертнага клубу “Прафесійна пра актуальнае”.

БАРЫС ЖАЛІБА, ПРАФЕСАР ЭКАНОМІКІ:
“Калі працягваць такі трэнд, крывую – куды яна нас выведзе, то складаецца такое ўражанне, што ў канцы гэтага года, калі нічога не зменіцца, мы будзем мець больш, чым у канцы мінулага”.

Паводле ўзроўню інфляцыі ў СНД ды Еўразвязе Беларусь саступае толькі тэрарызаванай баявымі дзеяннямі Украіне. Прычына, тлумачаць эксперты, у тым, што, пачынаючы з сакавіка, урад актыўна закрывае фінансавыя дзіркі пры дапамозе грашовага “друкарскага станка” – выдаючы вялікую колькасць незабяспечаных ільготных крэдытаў, што ідуць на выплату заробкаў.

{movie}Інфляцыя без росту (02.07.14) |right|17263{/movie}

ЛЕАНІД ЗЛОТНІКАЎ, ЭКАНАМІСТ:
“Больш грошай на руках у насельніцтва, а колькасць тавараў на рынку не ўзрасла ў такой ступені, як грошы на руках у насельніцтва, таму будзе інфляцыя павялічвацца ў наступныя некалькі месяцаў”.

Праўда, Беларусь зазнавала высокую інфляцыю і раней, але ўзровень жыцця, пасля рэзкага падзення ў 2011 годзе, апошнія два гады паступова даганяў перадкрызісны – за кошт апераджальнага росту заробкаў. Але, канстатуюць эканамісты, сёлета сітуацыя прынцыпова адрозніваецца ад 2012-га і 2013 гадоў. Бо стымуляванне ўнутранага попыту не выклікае адпаведнага росту прамысловасці.

БАРЫС ЖАЛІБА, ПРАФЕСАР ЭКАНОМІКІ:
“Можна так уявіць сабе, што мы пампуем кола ў машыне гэтымі крэдытамі, і там нейкая дзірка, і гэта ўсё выходзіць у паветра, і ВУП наш не расце”.

Рэч у тым, што замежны попыт, значная доля якога прыпадае на дзяржзамову з Расеі, дасягнуў, збольшага, сваёй мяжы. А айчыннага спажыўца дзяржсектар усё больш прагульвае больш таннаму і якаснаму імпарту. Урад спрабуе дапамагчы дзяржаўным вытворцам адміністратыўнымі абмежаваннямі, забараніўшы, напрыклад, сёлета імпарт свініны. А таксама нефармальным ціскам на гандлёвыя сеткі – прымушаючы іх падымаць кошты на замежны асартымент. Але айчынныя вытворцы папросту падымаюць кошты следам, вымушаючы ўрад павялічваць заробкі спажыўцам. Эканамісты параўноўваюць гэткую гонку заробкаў і коштаў з фінансаваю пірамідаю, якая трымаецца толькі за кошт крэдытных паступленняў з-за мяжы.

ЛЕАНІД ЗЛОТНІКАЎ, ЭКАНАМІСТ:
“Калі фінансавая піраміда не будзе падтрымлівацца, непазбежнае паніжэнне ўзроўню жыцця, а падтрымліваць яе доўга не атрымаецца”.

Праўда, канстатуюць эксперты, інфляцыйна-дэвальвацыйнага выбуху, які пагражаў краіне ўжо ў чэрвені, удалося пазбегнуць дзякуючы двухмільярдаваму крэдыту расейскага Банку ВТБ. Але ўвосень для гэтага можа зноў спатрэбіцца аналагічная сума.

Станіслаў Івашкевіч, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў