«Самая актыўная частка насельніцтва якраз да прэзідэнцкіх выбараў застанецца без працы»


Дробны бізнес просіць дапамогі. Удзельнікі рэспубліканскага форуму індывідуальных прадпрымальнікаў, што прайшоў сёння ў сталіцы, збіраюць подпісы пад калектыўным зваротам да кіраўніка дзяржавы. А ўсё таму, што з заўтрашняга дня пачне дзеяць ягоны ж указ № 222. Дакумент абавязвае ІПэшнікаў мець сертыфікаты Мытнага саюзу на ўсе прывезеныя ў Беларусь тавары.

{movie}Асцярожны бізнес-пратэст |right|17223{/movie}

АНАТОЛЬ ЗМІТРОВІЧ, ПРАДПРЫМАЛЬНІК, СВЕТЛАГОРСК:

«Гэты ўказ, перш за ўсё, накіраваны на абарону буйнога бізнесу, на перадзел рынку рознічнага гандлю».

Не, прадпрымальнікі не супраць парадку. Проста ў Беларусі нармальнай аптовай сеткі, дзе ІПэшнікі маглі б купляць сертыфікаваныя тавары, як не было, так і няма. А пастаўшчыкі, напрыклад, на расейскіх аптовых рынках шчыра смяюцца з беларусаў, бо не замарочваюцца афармленнем дакументаў.

СВЯТЛАНА КАЛАЧОВА, ПРАДПРЫМАЛЬНІЦА, ГОМЕЛЬ:

«У найлепшым выпадку гэта накладныя і таварна-транспартавыя. Сертыфікатаў Мытнага саюзу ў іх няма, і яны іх не робяць».

Затое на расейскіх аптовых базах квітнеюць паўкрымінальныя схемы.

ЮРЫЙ ЖЫВАТОЎСКІ, ПРАДПРЫМАЛЬНІК, ГОРАДНЯ:

«50 % дакументаў у Расейскай Федэрацыі ў нас, у беларусаў, выклікаюць сумневы. І нашыя індывідуальныя прадпрымальнікі не мусяць за гэта адказваць».



Але ж адказваюць – свёй маёмасцю. І час масавых канфіскацыяў усё бліжэй. Хоць, паводле ўказу, увезенае раней можна прадаваць да 1 сакавіка, каб дажыць да вясны, прадпрымальнікі мусяць трымаць тавараабарот. А калі гэта амаль немагчымае – то з чаго плаціць арэнду? Падчас сённяшняга форуму прагучаў сумны прагноз: пад Новы год працу страцяць каля 80 % індывідуальных прадпрымальнікаў.

АНАТОЛЬ ЗМІТРОВІЧ, ПРАДПРЫМАЛЬНІК, СВЕТЛАГОРСК:

«Дзяржава страціць падаткі, народ страціць танны тавар, прадпрымальнікі страцяць працу. То бок, выбуханебяспечная частка насельніцтва, самая актыўная, якраз да прэзідэнцкіх выбараў застанецца без працы».

Гэткім чынам актыўныя грамадзяне намякаюць на магчымыя акцыі пратэсту, найперш, страйкі на рынках. А вось аўтараў указу – віцэ-прэм’ера Пятра Пракаповіча і Міністэрства падаткаў і збораў – прадпрымальнікі называюць «5-аю калонаю».

АНАТОЛЬ ШУМЧАНКА, СТАРШЫНЯ РГА «ПЕРСПЕКТЫВА»:

«Мы хочам, каб Лукашэнка звярнуў увагу на чальцоў ураду эканамічнага блоку, якія, мы мяркуем, стаміліся працаваць і не зусім адпавядаюць сённяшнім патрабаванням. Таксама мы просім яго правесці першы з’езд прадпрымальнікаў для шчырага дыялогу».

Апроч гэтага, у выніковай рэзалюцыі ўдзельнікі форуму папрасілі кіраўніка дзяржавы зарганізаваць беспасярэднюю сустрэчу ў адміністрацыі прэзідэнта і стварыць пасаду паўнамоцнага ў справах прадпрымальнікаў. А самае балючае пытанне – просьба ўвесці мараторый на кантрольныя правяранні ды штрафы, звязаныя з указам прэзідэнта № 222.

Марцін Ярскі, «Аб’ектыў», belsat.eu

Стужка навінаў