Бліжэй да Еўропы: Украіна, Грузія і Малдова падпісалі Асацыяцыю з ЕЗ


«Гістарычны дзень для Украіны ды самы важны дзень з моманту здабыцця незалежнасці ў 1991 годзе». Такімі словамі пракаментаваў Пятро Парашэнка заключэнне Пагаднення аб свабодным гандлі з Еўразвязам, якое сёння таксама падпісалі Грузія і Малдова.

Паводле чаканняў палітыкаў, дамоўленасць працягне шлях да палітычнай і эканамічнай інтэграцыі трох краінаў з Захадам. У адпаведнасці з пагадненнем, краіны не стануць паўнапраўнымі членамі ЕЗ, аднак атрымаюць неабмежаваны доступ да еўрапейскага рынку з 500 мільёнамі спажыўцоў.

Крэмль імгненна адрэагаваў на падзею. Пра «сур’ёзныя наступствы для Украіны» заявіў намеснік міністра замежных справаў Расеі Рыгор Карасін, піша РИА «Новости». У сваю чаргу Уладзімір Пуцін назваў падпісанне Асацыяцыі «пагрозаю эканоміцы ды бяспекі Расеі» і паабяцаў зрабіць «усё магчымае для абароны расейскіх эканамічных інтарэсаў».

Адмова Віктара Януковіча ад падпісання Асацыяцыі ў канцы лістапада летась прывяла да маштабных акцыяў пратэсту на Майдане, якія пасля прывялі да змены ўлады ва Украіне, анексіі Крыму Расеяй і ўзброенага канфлікту з прарасейскімі баевікамі на Данбасе.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў