У Шчучыне знайшлі афрыканскую чуму?


Жыхары аграгарадка Дэмбрава ў Шчучынскім раёне б’юць трывогу. Мясцовыя ўлады прапанавалі знішчыць усіх свіней.

Людзі падазраюць, што ў раёне распаўсюджваецца афрыканская чума.

Пра магчымы ачаг небяспечнай хваробы стала вядома ад жыхара, які на сваім падворку закалоў жывёліну. Свежаніна здалася яму дзіўнай: з яе не сцякала кроў, а мяса выглядала як жэле, піша газета «Вячэрняя Горадня». Паводле вяскоўцаў, пасля экспертызы падазрэнні аб афрыканскай чуме пацвердзіліся.

Такую выснову жыхары Дэмбрава зрабілі з таго, што мясцовыя ўлады параілі знішчыць усё пагалоўе свіней на прыватных падворках цягам дня. Інакш жывёлінаў будуць усыпляць і закопваць.

Адна інфармацыю пра АЧС абверг галоўны дзяржаўны ветэрынарны інспектар Беларусі Юрыя Піваварчыка. Паводле яго, у краіне ачагоў хваробы ў Беларусі няма.

«У Беларусі праводзяцца дадатковыя прафілактычныя мерапрыемствы ў пяцікіламетровых зонах ад вялікіх свінагадоўчых аб’ектаў. Афрыканская чума свіней ёсць у краінах, якія сумежнічаюць з Беларуссю: Расеі, Літве ды Польшчы», – сказаў Юрый Піваварчык.

Звесткі пра падзеж свіней з’яўляліся і раней. Выпадак са знішчэннем свінняў быў зафіксаваны ў вёсцы Бялынічы Магілёўскай вобласці. Тады ветэрынары паведамілі, што гэта не афрыканская чума, а іншае захворванне – чумка.

Год таму выбух АЧС у Беларусі прывёў да знішчэння пагалоўя свіней у прыватных фермераў паблізу свінагадоўчых комплексаў. Была знішчаная і жывёла дзяржаўных скльгаспрадпрыемстваў. Паводле экспертаў, скарачэнне пагалоўя стала прычынаю падаражэння свініны. З пачатку года кошт на яе павысіўся ў паўтара разу і дасягнуў Br 180 тыс. за кілаграм.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў