«Дзесяць баявых машынаў “Град БМ-21” перасеклі дзяржаўную мяжу Украіны»


Нягледзячы на заявы афіцыйнага Кіева пра закрыццё дзяржаўнай мяжы з Расеяй, сепаратысты па-ранейшаму атрымліваюць дапамогу ў выглядзе тэхнікі ды жывой сілы. Дакладна сказаць, колькі цяпер на ўзбраенні прарасейскіх баевікоў танкаў ды іншай бронетэхнікі, практычна немагчыма. Можна толькі лічыць калоны, што кіруюцца ў кантраляваныя сепаратыстамі гарады.

{movie}Мяжа не на замку|right|17087{/movie}

МІХАЙЛА КАВАЛЬ, МІНІСТР АБАРОНЫ УКРАІНЫ:
“Дзесяць баявых машынаў “Град БМ-21” перасеклі дзяржаўную мяжу Украіны і застаюцца на яе тэрыторыі. Мы знішчылі, а пасля захапілі рэшткі адной з машынаў. У ёй мы знайшлі ўсе доказы таго, што гэтая машына з 18-й мотастралковай базы ў Чэчні”.

Украінскі бок заяўляе: ён мае шматлікія доказы, што сепаратысты атрымліваюць бронетэхніку і зброю наўпрост з Расеі. А танкі Т-64, што на ўзбраенні сепаратыстаў, украінскае войска летась спісала ці перавяло ў рэзерв.

Cепаратысты не пакідаюць надзеяў атрымаць прызнанне і падтрыманне не толькі з Расеі. Cёння гэтак званая “Данецкая народная рэспубліка” звярнулася ў ААН з просьбаю прызнаць яе суверэнітэт. Аналагічны зварот “Рэспублікі Луганскай” атрымалі ў Адміністрацыі кіраўніка Беларусі. Але і падтрымання, што ідзе з Расеі, сепаратыстам не стае.

ІГАР СТРАЛКОЎ, КАМАНДЗІР РУШЭННЯ ДАНЕЦКАЙ РЭСПУБЛІКІ:
“Праціўнік кінуў на нас больш за сто адзінак бронетэхнікі пры моцным падтрыманні бронетэхнікі – “Градамі”, мінамётамі. Першую атаку нашыя байцы адбілі – падбілі адзін танк. Але справіцца з 15–20 танкамі дзвюма безаткатнымі гарматамі праблематычна. Я ўсё ж такі спадзяюся, што сумлення, калі яно там яшчэ водзіцца ў Маскве, яшчэ хопіць, каб прыняць нейкія захады”.

На фоне заяваў лідара сепаратыстаў, матывацыю Крамля пракаментаваў вядомы расейскі журналіст Сяргей Дарэнка.

СЯРГЕЙ ДАРЭНКА, ГАЛОЎНЫ РЭДАКТАР РАДЫЁ «ГОВОРИТ МОСКВА»:
“Уваходзіць на паўднёвы ўсход азначае перабудоўваць усё жыццё Расеі. Будаваць мабілізацыйную эканоміку, будаваць мабілізацыйнае грамадства. Ваяваць і быць гатовымі ваяваць з усім светам. І гэта, магчыма, амаль дакладна – на дзесяцігоддзі. Пуцін такога не хоча”.

Тым часам з Луганскай і Данецкай абласцей масава выязджаюць мірныя жыхары. Большасць спадзяецца перачакаць антытэрарыстычную аперацыю на захадзе Украіны, у сваякоў. Але ёсць і тыя, хто едзе і на ўсход.

НАТАЛЛЯ, ЖЫХАРКА ЛУГАНСКУ:
“Як ехаць, куды ехаць? Сястра – у Астрахані, ну прыеду, пабуду я месяц, а далей што? Такая абстаноўка – самі бачыце”.

Украінскія сілавікі паведамляюць пра ўсё новыя поспехі. Ахоплены сепаратызмам рэгіён заблакаваны. А прэзідэнт Парашэнка сёння абвесціў аб прыпыненні антытэрарыстычнай аперацыі на бліжэйшы тыдзень. Але літаральна гадзіну таму Масква заявіла пра абстрэл тэрыторыі гораду Новашахцінску з украінскага боку мяжы. Следчы камітэт даследуе справу.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў