Свіная чума на Астравеччыне?


Асяродак непрызнанай свіной чумы зліквідавалі на Астравеччыне ў Гарадзенскай вобласці. Жыхарам вёскі Страча загадалі ўласнаручна забіць свіное пагалоўе. Абсалютная большасць жыхароў, з якімі паразмаўляў “Аб’ектыў”, назвала рашэнне мясцовых уладаў катастрофаю.

{movie}Свіная чума на Астравеччыне?|right|17053{/movie}

ЛЮЦЫЯ СПІРЫДОН, МЯСЦОВАЯ ЖЫХАРКА:
“Прыйшлі, загадалі, прыехала міліцыя, галоўны доктар раёну, прадстаўнік мясцовых уладаў – і ўсё. Пагражалі: 50 базавых адзінак, суд. Пісалі пратакол, прасілі подпіс. Я прасіла афіцыйную паперу, ніхто не даў. Вось і ўсё.

Падставаю для рашэння ліквідаваць жывёлінаў стаў падзеж свіней на двух падворках. Але адмыслоўцы ветэрынарнай службы прынялі рашэнне знішчыць усё пагалоўе ў вёсцы. Людзям сказалі, што гэта афрыканская чума свіней, але афіцыйна гэтага не пацвердзілі. У Астравецкай ветэрынарнай службе сітуацыю “Аб’ектыву” каментаваць адмовіліся.

МЯСЦОВЫЯ ЖЫХАРЫ:
“Нам сказалі, што чума, тэрмінова прыбраць усё пагалоўе”.
“У нас адзіны быў кабан, запланаваны, каб забіць, але, натуральна, не цяпер, а ўвосень”.

Найхутчэй, улады перастрахаваліся, кажуць мясцовыя жыхары. Так ці інакш, свіней масава забілі на ўсіх 70-ці падворках вёскі. Свіней ліквідуюць і ў суседніх вёсках.

ПАВЕЛ ЯГЕЙЛА, МЯСЦОВЫ ЖЫХАР:
“Нічога не было, ніякай паперы, прыехалі ды сказалі – рэзаць, калі не будзеце рэзаць, будзем рабіць уколы, каб здохлі, і будзеце закопваць”.

Пры гэтым мясцовыя жыхары давалі распіскі, што мяса будуць есці самі ды на продаж свініны здаваць не будуць.

ПАВЕЛ ЯГЕЙЛА, МЯСЦОВЫ ЖЫХАР:
“Прыязджаў намеснік ветэрынарнага доктара ў Астраўцы. Дык добра, кажу, калі гэта не пацвердзіцца, я падам на вас у суд. Ён кажа: маеце права”.

Апроч загаду аб ліквідацыі свіней ветэрынарныя службы апрацавалі падворкі рэагентамі, праз якія спадарыня Люцыя нават атрымала хімічны апёк.

ЛЮЦЫЯ СПІРЫДОН, МЯСЦОВАЯ ЖЫХАРКА:
“Усё злівалі, капалі. Цяпер, вядома, куры ходзяць, і куры пачалі здыхаць, труцяцца”.

Упершыню афрыканская чума свіней была зафіксаваная летась, напрыканцы чэрвеня ў Іўеўскім раёне на Гарадзеншчыне. У выніку прафілактычных захадаў масава знішчалі свіное пагалоўе ў прыватных гаспадарках шматлікіх вёсак у розных кутках Беларусі.

Улады дагэтуль трымаюць у таямніцы маштабы стратаў, якія панеслі сяляне.

Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў