Салідарныя з Украінаю


Усё больш ініцыятываў салідарнасці з Украінаю паўстае ў Беларусі. У будынку былой школы ў вёсцы Касакоўка Жлобінскага раёну Гомельшчыны неабыякавыя грамадзяне ўласнымі сіламі стварылі часовую базу для ўцекачоў з усходу Украіны. Валанцёры з шэрагу гарадоў Беларусі прывезлі неабходныя рэчы ды харчаванне.

Ірына Маркевіч, валанцёрка, жыхарка Бабруйску:
“Чыста па-чалавечы трэба дапамагчы тым, у каго становішча яшчэ горшае, чым у нас. Бо ў нас ёсць дзе жыць, мы спакойна спім па начах, няма стрэлаў, бомбаў. Дождж не капае нам на галаву. А ў некаторых няма анічога”.

Да ініцыятывы з разуменнем важнасці справы паставіліся і мясцовыя ўлады. Чыноўнікі абяцаюць дапамагчы з рэгістрацыяй грамадзянаў Украіны, з працаю ды з жытлом.

{movie}Салідарныя з Украінаю (16.06.2014) |right|17012{/movie}

Надзея Крапіцкая, валанцёрка:
“Прыходзіў да нас старшыня мясцовы і абяцаў дапамагчы па меры магчымасці ўвесці ў эксплуатацыю будынак былой школы або неяк размясціць людзей па сем’ях тут, у вёсцы”.

У вёсцы бадай кожны гатовы прыняць і падтрымаць тых, каму дапамога сапраўды патрэбная.

Жанна Качарга, жыхарка в. Касакоўка:
“Калі прыедуць да нас украінцы, прыедуць з дзецьмі, людзі гатовыя іх прыняць, дапамагчы. Ужо сёння шмат хто пытае, што патрэбна з адзення. Гатовыя аддаць не толькі адзенне, але і дзіцячыя вазочкі. Як гаворыцца, што маем у вёсцы, чым багатыя, тым і радыя”.

У вёску ўжо прыехала тры сям’і з усходу Украіны. Агулам жа прытулак можа прыняць каля пяці сямей. Зрэшты, такая ініцыятыва ўзнікла і ў Менску. Карыстальнік “Жывога дзённіку” thorindwarf распаўсюдзіў у інтэрнэце заклік збіраць дапамогу для гэтак званай Данецкай народнай рэспублікі. Праўда, пазней гэты зварот карыстальнік выдаліў, а кантактаваць з журналістамі катэгарычна адмовіўся.

Але не толькі дапамога ўцекачам і пацярпелым ад падзеяў на ўсходзе Украіны цяпер важная і актуальныя шмат для каго з беларусаў. Значны таксама досвед Майдану і супрацьстаяння прапагандзе Крамля. Гэтыя пытанні – на парадку дня Камітэту салідарнасці з Украінаю.

Павал Севярынец, Сустаршыня БХД:
“Арганізацыя культурных кантактаў і вечарынаў у падтрымку ўкраінскага народу вось тут у Беларусі. І гэта самы шырокі абмен досведам з НГА і медыямі. Бо тое, што цяпер ёсць ува Украіне, тое, што там бурліць і кіпіць, праз некалькі месяцаў ці гадоў будзе ў нас”.

Усё часцей трапляюць у поле зроку медыяў і тыя, хто цяпер ваюе на баку крымінальнікаў-сепаратыстаў на Данбасе. А расейскае выданне “Новая газета” паведамляе пра грамадзянаў нашае краіны, якіх узнагародзілі граматамі, падпісанымі Уладзімірам Пуціным за крымскую кампанію. Сярод сакрэтна ўганараваных – нехта 26-гадовы беларус Уладзімір Караткевіч.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў